Беларускі экс-палітвязень пагадзіўся на падпрацоўку ў тэлеграме. Вынік: крымінальная справа.
Толькі нядаўна мы пісалі, як беларускія экс-палітвязні робяцца аб’ектам вярбоўкі з боку спецслужбаў Беларусі, а мажліва і РФ.
І вось выпадак, які сведчыць аб тым, што палітуцекачоў таксама могуць актыўна выкарыстоўваць уцёмную.
27 жніўня каля віленскага офіса абароннай кампаніі RSI Europe пакінулі жалобныя вянкі і партрэт яе кіраўніка Томаса Мілашаўскаса з чорнай стужкай. Усё здымалі на відэа. Амаль адначасова падобныя вянкі з’явіліся каля офіса зброевай кампаніі CSG у Чэхіі.
У Літве затрымалі грамадзяніна Украіны, які прывёз вянкі. Аднак аказалася, што ў гэтай гісторыі фігуруе і беларус - 23‑гадовы былы палітвязень Мікіта Саідаў. Хлопца адпусцілі да суда, цяпер ён жыве ў «Замку».
Мікіта Саідаў знайшоў аб’яву ў адным з чатаў з падпрацоўкамі. Замоўца "акцыі" патлумачыў, што ў яго памёр сябар, сам ён знаходзіцца не ў Літве, таму патрэбны чалавек, які купіць пахавальныя вянкі і адвязе іх па названым адрасе.
За працу нібыта прапаноўвалі 400 еўра. Частка грошай павінна была пайсці на самі вянкі, астатняе заставалася выканаўцу.
Саідаў, паводле кіраўніцы "Замка" Калегавай, не вазіў вянкі да RSI Europe сам. Ён перадаў падпрацоўку знаёмаму, які і выканаў заказ. Наталля кажа, што партрэт кіраўніка кампаніі з чорнай стужкай даставіла пазней іншая асоба.
RSI Europe, да будынка якой прывезлі вянкі, вырабляе беспілотныя сістэмы, пастаўляе Украіне FPV-дроны і сістэмы дыстанцыйнага падрыву. Мяркуецца, што Саідаў не ведаў, чым займаецца кампанія.
Пасля затрымання знаёмага хлопец спужаўся з’ехаў у Латвію. Але яго змаглі пераканаць вярнуцца ў Літву і самому пайсці ў паліцыю. Некаторы час ён знаходзіўся пад вартай, але зараз вызвалены і чакае разбіральніцтва.
Для Мікіты Саідава гэта ўжо трэцяя крымінальная справа ў жыцці. Беларускія сілавікі затрымалі яго 8 жніўня 2022‑га — спачатку паводле адміністрацыйнай справы, затым дайшло да палітычнай крыміналкі. Да суда хлопца трымалі ў турме №8 у Жодзіне. Саідава судзілі за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. На момант «злачынства» хлопец быў непаўнагадовым. Адначасова яму выставілі абвінавачванне і ў незаконным абароце наркотыкаў без мэты збыту — частка 1 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса.
У снежні 2022 года Саідаву прызначылі два з паловай года хатняй хіміі. Ён вырашыў з'ехаць, і ўжо ў студзені 2023 года знаходзіўся ў Літве.
Нагадваем усім беларусам замежжа: будзьце ўважлівымі з падпрацоўкамі. Праца спецслужбаў - гэта зусім не пра мараль. Мікіта Саідаў яшчэ выйшаў сухім з вады. Гэтак сама як яго ўцёмную скарысталі для дастаўкі вянка, любога недастаткова ўважлівага беларуса могуць скарыстаць для дастаўкі выбухоўкі ці атрутных рэчываў. Правярайце сваіх працадаўцаў.
Падпісвайцеся на канал
Post #49056
1.86K

- 🤬 30
- ❤ 3