Пра правалы, статыстыку, машнные навучанне, індустрыю і акадэмію. Частка 1
Выпадковы выдаліў, перазаліваю
#statistics #machinelearning
Правалы - гэта неад'емная, мабыць ключавая частка развіцця навукі, ды і ўвогуле развіцця. Вакол гэтай ідэі існуе шмат добрых канцэптаў, напрыклад - failure CV. Але я хачу распавесці не проста пра няўдачы, а пра канкрэтны трэш ва ўжыванні статыстыкі і пабудове статыстычных мадэляў: у акадэміі, а таксама ў індустрыі.
З акадэміяй у гэтым плане вельмі проста, бо ўсё задакументавана. З індустрыяй нашмат больш складана, бо бізнэс-спецыфіка, NDA, а таксама жаданне абмежаваць рэпутацыйныя выдаткі. Таму пачнем з індустрыі. Частка гэтых гісторый - хутчэй за ўсё байкі. Частка - абсалютна рэальныя і я нават ведаю ўдзельнікаў. Істотна, аднак, што кожная з іх магла здарыцца з аднолькавай верагоднасцю і магчыма здаралася неаднойчы.
З улікам таго, што пра “AI failures” пішуць шмат, а ад гісторый кшталту “напужаны Цукенберг закрыў АІ праэкт, таму што нейронкі стварылі сваю сакрэтную мову” у мяне пачынае балець галава, распавядаць я буду пра банальныя, чалавечыя, прыземленыя індустрыйныя правалы.
Большасць фэйлаў ў машынным навучанні добра апісваецца анекдотам пра “хачу сабе танк на ўсю спіну – гатова – а чаму так хутка? – а хулі там чатыры літары”. Таму першая байка – пра савецкія/расійскія і амерыканскія танкі. Алгарытм павінен быў навучыцца іх адрозніваць. Працаваў добра, але ўпарта класіфікаваў новыя расійскія мадэлі як амерыканскія. Разбор паказаў, што фота савецкіх танкаў былі горшай якасці, што алгарытм паспяхова і вывучыў. Альтэрнатыўная версія гэтай байкі: алгарытм вучылі адрозніваць танкі, замаскіраваныя ў лесе, ад проста фота лясных масіваў, але два тыпы фота былі зробленыя ў розныя дні, таму алгарытм вырашыў, што прасцей замест танкаў адрозніваць воблачнасць.
Наступная байка - пра алгарытм, які павінен адрозніваць хаскі ад ваўкоў. Спрабуючы ўявіць сабе практычны сэнс такога алгарытму, я прыйшоў да высновы, што мець магчымасць адрозніць хаскі ад воўка смартфонам, у лесе, ноччу, калі нешта рыкае ў метры ад цябе ў цемры – гэта сапраўды карысна і шматабяцальна. Гісторыя ў тым, што алгарытм паказаў сябе вельмі добра, апроч рэдкіх кейсаў, дзе расава чыстыя хаскі ўпарта класіфікаваліся як ваўкі. На ўсіх гэтых анамальных фота хаскі былі на снезе. І ўсе ваўкі ў датасэце былі на снезе. Дэталёвы разбор паказаў, што алгартым наўпрост навучыўся адрозніваць белы фон на фота.
Зараз шырокую папулярнасць набываюць разнастайныя мабільныя дадаткі на мяжы “медыцыны і AI”. Адна апка абяцала адрозніваць здаровую і хворую скуру па фота з камеры. Але пры першых real life выпрабаваннях алгарытм праваліўся. Як высветлілася, якасць класіфікатара ў істотнай прапорцыі базавалася на здольнасці вызначыць на фота лінейку. Каб зразумець чаму, можна паглядзець на фота па запыце "identifying red spots".
Яшчэ адна гісторыя – пра амбіцыёзны стартап аўтаматычнай дапамогі ў прыняцці медыцынскіх рашэнняў. У людзей ёсць магчымасць насмяяцца з абсурдных карэляцый. У няшчасных робатаў – не. Таму, апасля серыі плоскіх калькуляцый, алгарытм параіў медыкам перастаць адпраўляць людзей на хіміятэрапію, бо пацыенты апасля яе часцяком паміралі. Усё па першым законе робататэхнікі Азімава.
Мая ўлюбленая гісторыя - пра каманду пачынаючых дата сайнцістаў, якія распрацавалі алгарытм прадказання адтоку кліентаў у наступным месяцы. Алгарытм меў “99% дакладнасці”, а прэзентацыя ўтрымлівала невыносную колькасць словаў Artificial і Intelligence. Старыя каманды CRM і аналітыкаў моцна напружыліся і іх можна зразумець – робаты забіраюць працу, “скураныя мяшкі не патрэбныя”, вось гэта ўсё. Як апынулася, найбольш моцнай фічой для прадказання ў новым алгарытме была “колькасць дзён без аплаты”. Сам факт адтоку кліента па бізнэс-правілах, якія пачынаючых будавацеляў робатаў цікавілі мала, вызначаўся як “90 дзён без аплаты”. Тобок, 90 дзён без аплаты ідэальна прадказвала 90 дзён без аплаты. Як і менш 59 дзён без аплаты ідэальна прадказвала адсутнасць адтоку, бо алгарытм прадказваў на месяц наперад. Ваісціну, неабмежаваныя магчымасці.
Post #9
298