#statistics
Даўно хацеў напісаць які-небудзь занудны пост пра статыстыку. Ваш час пакутаваць надышоў.
Мы часта чуем фразы а-ля “навукоўцы даказалі”, ці “статыстычна значны”. Дык а як навукоўцы нешта “даказваюць”? Што гэта ўвогуле значыць? Зараз я паспрабую ў 3 абзацах максімальна проста патлумачыць вам 95% сучаснай статыстыкі.
Бяром 2 групы па 100 чалавек, у якіх баліць галава. Адным даем аспірын, другім не даем. Праз гадзіну запытваем “ну шо ты”. У першай групе галава перастала балець у 30 чалавек, у другой - 15. Адкуль мы ведаем, што аспірын працуе?
Усё насамрэч проста. Кажам: “давайце ЎЯВІМ, што аспірын НЕ працуе”. Значыцца розніца, якую мы бачым (30 супраць 15 чалавек) - гэта чыста памылка выбаркі. Ну, набралі мы так людзей, што ў эксперыментальнай групе ў большай колькасці галава б і так прайшла, без усялякіх аспірынаў.
Далей мы задаём цэнтральнае пытанне 95% усіх сучасных навуковых даследаванняў, якія выкарыстоўваюць статыстыку: калі розніца няма, як часта мы б пабачылі такую (30 супраць 15) ці большую розніцу праз памылку выбаркі. Калі адказ “менш чым у 5% выпадкаў”, тады мы называем гэты вынік “статыстычна значным” і бяжым да журналістаў казаць, што аспірын дапамагае ад галавы. Усё.
Падрабязней можаце пачытаць тут
Post #62
1.07K