TGViewer
Лінейная (аг | рэг) рэсія Лінейная (аг | рэг) рэсія @linearaggression · 1.12K subscribers
Post #48 1.1K
Зоркі аўтарытарнай мадэрнізацыі і беларуская эканамічная навука

#statistics #belarus

Ёсць такая зорка беларускай аўтарытарнай мадэрнізацыі як Кірыл Руды. Кірыл Руды - прафесара кафедры сусветнай эканомікі і доктар эканамічных навук. У яго ёсць артыкул у часопісе “Банкаўскі веснік”, за люты 2021, пад назвай “О политэкономии финансовой стабильности”. Там ён мадэлюе “взаимосвязь между долгосрочным экономическим ростом и динамикой политических предпочтений”. Ну, груба кажучы, спрабуе “прадказаць” ці “патлумачыць”, чаму ў некаторых краінах падтрымліваюць дэмакратыю, у некаторых - аўтарытарных лідараў, ці ваенных і г.д.

Нас цікавіць ягоная лінейная мадэль “прадказання” ці “тлумачэння” узроўню падтрымкі ваенных. R^2 гэтай мадэлі - 1. Калі вам не смешна, віншую - вы здаровы чалавек. Мне вельмі смешна і зараз я буду тлумачыць так, каб і вам было. Спачатку будзе крыху нудна, але заставайцеся на сувязі - потым будзе забаўна.

Я буду спрошчваць і апускаць дэталі, але для папулярнага тлумачэння пойдзе. Уявіце сабе, як у школе, каардынатную плоскасць. X у нас будзе “аб’ём экспарту фіялак”, а Y - “колькасць забойстваў на душу насельніцтва”. Цяпер паставім адну кропу, Беларусь. Праз нашую няшчасную Беларусь можна правесці прамую лінію. Цяпер дакінем яшчэ кропку, Уганду. Праз любыя 2 кропкі на каардынатнай плоскасці таксама можна правесці прамую лінію. Такім чынам, усе нашыя кропкі ляжаць на прамой лініі і гэтая прамая лінія ідэальна “тлумачыць” залежнасць колькасці забойстваў ад экспарту фіялак, і фіялкамі можна беспамылкова прадказваць забойствы. R^2, альбо “якасць падгонкі” такой лінейнай мадэлі будзе 1, ідэальная. Як у Кірыла Рудага. А вось калі мы дакінем яшчэ кропку, прамую лінію ўжо не абавязкова атрымаецца правесці так, каб усе тры з іх ляжалі на ёй. Можна, але не абавязкова.

Цяпер уявім трохмерную прастору: экспарт фіялак, папулярнасць гурту РСП і колькасць забойстваў. Праз адну, дзве ці тры кропкі на гэтай прасторы заўсёды можна правесці плоскасць. І R^2 будзе 1. Ідэальная мадэль. А праз чатыры - ужо не абавязкова. Не складана здагадацца, як гэта абагульніць: калі на прасторы, сфармаванай N пераменнымі, ляжыць N ці менш кропак, праз іх заўсёды можна правесці N-1 гіперплоскасць. І заўсёды атрымаць R^2 = 1 (насамрэч для той мадэлі, якой карыстаецца Руды, гэта справядліва і для N+1 кропак, але тое тэхнічныя дэталі).

Іншы папулярны метад стрэльнуць сабе ў нагу і атрымаць ідэальную мадэль - гэта прадказваць пераменную з дапамогай гэтай ж пераменнай. Ну, колькасць забойстваў з дапамогай колькасці забойстваў. Ідэальнае прадказанне, R^2 = 1.

Што канкрэтна нарабіў Кірыл Руды я не ведаю. З таго, што напісана ў тэксце, памылку рэканструяваць нельга. У яго 38 краін для аналізу і 13 пераменных. Падазраю, недзе згубіў больш паловы сваіх назіранняў.

Памылкі робяць усе. Памылкі такога кшталту ўвогуле здараюцца часта. Нармальная рэакцыя на гэта - пабачыць, што ў цябе R^2 = 1, зрабіць кавы і пачаць разбірацца, дзе ты накасячыў. Тое, што ў Кірыла Рудага, ці ў аспірантаў у ягоным рабстве, якія насамрэч пісалі гэты артыкул, нічога не стрэльнула ў галаве, ёсць даволі іранічным. Тое самае тычыцца рэцэнзентаў, якія гэты артыкул правяралі і дапускалі да публікацыі.

А разгадка простая: беларуская эканамічная навука ў заўважнай ступені - карга-культны карга-культ, дзе шмат у каго мала ўяўлення пра тое, чым яны спрабуюць займацца.
  • 👍 33
  • ❤ 6
  • 🔥 3
More from @linearaggression
  1. Oct 8, 2025У заходніх дэмакратыях ёсць такі забаўны феномен, форма representation gap, якому ўсё боль…
  2. Oct 2, 2025Цікавая прэзентацыя пра наш дэмаграфічны лёс і фертыльнасць ад Jesús Fernández-Villaverde,…
  3. Sep 19, 2025Чао-какао Прачытаю вось тут лекцыю пра даныя і алгарытмы, калі раптам вы "ва ўзросце да 30…
  4. Aug 7, 2025Прэзентацыя OpenAI з параўнаннем GPT-5 супраць іншых мадэляў Адпраўляецца ў капілку маіх л…
  5. Feb 14, 2025Пра эгалітарны беларускі фэйсбук Знайшоў забаўны датасэт пра "Cross-Gender Friending Ratio…
  6. Feb 4, 2025Lanced Digit Health апублікаваў вынікі маштабнага клінічнага даследавання пра AI і анкалог…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →