TGViewer
Лінейная (аг | рэг) рэсія Лінейная (аг | рэг) рэсія @linearaggression · 1.12K subscribers
Post #35 476
Зоркі, геі і аплікацыя ў дзіцячы садок

#science

Героя самай фенаменальнай гісторыі пра навуковую фальсіфікацыю, якую я ведаю, завуць Michael LaCour. Не ведаю, як правільна чытаць ягоная імя (Міхаэль?), таму сёння ён будзе Мікалай.

Мікола быў дактарантам у Каліфарнійскім універсітэце ў Лос-Анджэлесе. Мікола, на маю думку, быў самай вялікай зоркай у 2015 годзе, прынамсі сярод студэнтаў і маладых навукоўцаў. Што ён такога зрабіў? Ён правёў даследаванне, дзе прадэманстраваў, што калі хадзіць з палітычнай агітацыяй ад дзвярэй да дзвярэй і размаўляць пра геяў з кансерватарамі, гэта зніжае іхнюю гамафобію, тут і зараз. Але праз 9 месяцаў эфект знікае - кансерватары вяртаюцца да сваіх гамафобій. Але! Калі з імі будуць размаўляць не проста агітатары, а агітатары-геі, гэта зніжае гамафобію у доўгую - яны і праз 9 месяцаў не вярталіся на свае гамафобныя пазіцыі. Больш за тое, гамафобія пачынала зніжацца спачатку ў гэтай хаце сярод сваякоў, а потым і сярод суседзяў.

Артыкул быў настолькі паспяховым, што яго апублікавалі ў Science - самым прэстыжным, аўтарытэтным і папулярным навуковым часопісе. Ён за кароткі час увайшоў у топ 5% самых папулярных навуковых артыкулаў у гісторыі. Шок-кантэнт. Мікалаю адразу прапанавалі пазіцыю ў Прынстане (і шмат яшчэ дзе, ён выбіраў), абвешалі грантамі і ўзнагародамі.

Але не ўсе маглі спакойна спаць побач з такім поспехам. Група маладых навукоўцам вырашыла паглядзець уважліва ў ягоныя дадзеныя. Тое, што яны там знайшлі - гісторыя легендарная. Знайшлі яны тое, што ніякага эксперыменту ніколі не было: дадзеныя былі сцягнутыя з іншага даследавання і крыху мадыфікаваныя, фірма, якая нібыта праводзіла апытанні, не ведала ні пра даследаванне, ні пра Мікалая і шмат, шмат чаго яшчэ.

Апынулася, што ўсё ягонае CV (рэзюмэ) таксама складаецца з фальсіфікацый: выдуманыя гранты на мільёны грошаў, якія ён не атрымліваў, конкурсы, у якіх ён не перамагаў, узнагароды, якіх ён не атрымліваў і г.д. На хвалі бязмежнага ўгару людзі праверылі яго магістарскую і там таксама знайшлі фальсіфікацыі. Калі я перастаў сачыць за гісторыяй, народ правяраў ягоныя бакалаўрскія працы і агульнае меркаванне было ў тым, што сваю аплікацыю ў дзіцячы садок ён таксама сфальсіфікаваў.

Чым скончылася ягоная навуковая кар'ера? Поўным разгромам: ён не атрымаў PhD (ці яго адразу ж забралі), пазбавіўся пазіцыі ў Прынстане, ад усіх схаваўся і здаецца пагражаў суіцыдам. Але паранёк ён спрытны, не такі просты. Пару год ён ляжаў на дне, потым змяніў імя на Лідзію Ярмошыну Michael Jules і наколькі я разумею працуе дата сайнцістам у Snapchat. І я не здзіўлены. Студэнтам ён быў відавочна таленавітым: ведаў шмат статыстыкі, меў крутыя навыкі візуалізацыі дадзеных, умеў прадаваць (нават занадта) свае даследаванні. Мяне здзіўляе ягонае рашэнне фальсіфікаваць дадзеныя - даволі відавочна, што статус навуковай зоркі ён б мог атрымаць і без гэтага. Сэ ля ві.
  • 😁 6
  • 🤯 5
  • 👍 2
More from @linearaggression
  1. Oct 8, 2025У заходніх дэмакратыях ёсць такі забаўны феномен, форма representation gap, якому ўсё боль…
  2. Oct 2, 2025Цікавая прэзентацыя пра наш дэмаграфічны лёс і фертыльнасць ад Jesús Fernández-Villaverde,…
  3. Sep 19, 2025Чао-какао Прачытаю вось тут лекцыю пра даныя і алгарытмы, калі раптам вы "ва ўзросце да 30…
  4. Aug 7, 2025Прэзентацыя OpenAI з параўнаннем GPT-5 супраць іншых мадэляў Адпраўляецца ў капілку маіх л…
  5. Feb 14, 2025Пра эгалітарны беларускі фэйсбук Знайшоў забаўны датасэт пра "Cross-Gender Friending Ratio…
  6. Feb 4, 2025Lanced Digit Health апублікаваў вынікі маштабнага клінічнага даследавання пра AI і анкалог…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →