Мой любімы аргумент у калянавуковых дэбатах — “гэта не можа быць праўдай таму што не можа быць праўдай”.
Гучыць не вельмі акадэмічна, га? Сачыце за рукамі. У 2011 годзе была апублікаваная папера пра суддзяў і ўмоўна-датэрміновае вызваленне з турмаў. Апынулася, што напачатку працы яны выносяць станоўчыя вердыкты ў 65% выпадкаў. А перад самым абедам — толькі ў 5%! А пасля абеду зноў вяртаюцца роўна на 65%! Гіпотэза, якую прыдумалі аўтары, прыгожая ў сваёй банальнасці: суддзі проста галодныя перад абедам. Галодныя і злыя.
На аўтараў адразу накінуліся крытыкі. Нехта рабіў сімуляцыі, нехта шукаў памылкі ў аналізе, нехта рабіў свой. Памылкі знайшлі, альтэрнатыўныя тлумачэнні прыдумалі, усё як мае быць. Але больш за ўсё мне спадабалася лінія разважання Daniel Lakens:
• Падзенне з 65 да 5% — гіганцкае, 13-кратнае
• Памер гэтага эфекту, у стандартызаваных статыстычных адзінках, амаль роўны розніцы паміж ростам мужчын і жанчын
• Калі вы запытаецеся ў сваёй бабулі хто вышэйшы — мужчыны ці жанчыны, бабуля будзе ведаць адказ
• Таму, такі моцны эфект могуць мець толькі трывіяльныя факты: факты, пра якія мы не толькі ў курсе, а вакол якіх пабудаванае нашае грамадства
• А раз пра галодных суддзяў (і спецыялістаў іншых прафесій) бабуля не ў курсе, эфект не можа быць настолькі вялікім
Падзенне ўсё яшчэ можа прысутнічаць, натуральна. Проста не да 5%, скажам, а да 55%. Гэта ўсё яшчэ цікава, проста мае іншыя практычныя наступствы.
Post #140
1.76K

- 🤔 24
- 👍 13
- 😁 7
- 🤯 4
- 😢 1