Пра беларускі фэйсбук, малпаў, сантыметры, эканамічную няроўнасць і ўважлівасць
#everyday
Уявім сабе вельмі асцярожную малпу міліён год таму. Яна пастаянна бачыла драпежнікаў у афрыканскім гушчары, чым моцна раздражняла сваіх калег - іншых малпачак. “Ты проста бачыш патэрны ў рандомых дадзеных” - казалі яны ёй з дапамогай гукаў і крыкаў рознага дыяпазону і гучнасці. Дададзім у гэтую гісторыю шаблязубага тыгра. Шанцаў, што асцярожная малпа перадала нам свае гены куды больш, чым шанцаў, што менш асцярожныя малпы бегаюць хучэй за тыгра. Так тлумачыцца беспрэцэдэнтная здольнасць людзей бачыць патэрны ва ўсім, чым толькі можна. Ну, ці амаль так.
У беларускім фэйсбуку, на старонцы Сяргея Чалага, на днях з’явіўся прэкрасны прыклад таго, як людзі спрабуюць патлумачыць проста шум у дадзеных. Для тых, хто адмаўляецца кавырацца ў беларускім фэйсбуку, перакажу сутнасць гісторыі. Ourworldindata мае ў сваёй базе дадзеных наступны графік змены сярэдняга росту людзей цягам гісторыі. У ім ёсць забаўны артэфакт - каля 1450 год д.н.э. людзі рэзка зрабіліся заўважна больш высокімі, а потым зноў пачалі быць нізкімі.
Малпа бачыць патэрн - малпа тлумачыць. Мой асабісты фаварыт сярод тамашніх гіпотэз гэта гвалтоўная акупацыя хомасапіенс неандэртальцамі, што і выклікала рэзкі рост наступных пакаленняў. У 1450 годзе да нашай эры. З іншага боку, калі б я, будучы мікенскім войнам каціў на сваёй калясніцы ў 1450 годзе д.н.э. і сустрэў неандэртальца, не ведаю, як б павялі сябе мае сантыметры. Але большасць тамашніх гіпотэз зводзіцца да выбуху вулкана. Прыдумаць, як канкрэтна гэта павінна было стымуляваць рост - тое яшчэ ментальнае практыкаванне.
Цяпер звярнем увагу на шкілетаў, мумій, эканамічную няроўнасць і сантыметры. Так склалася, што калі пры раскопках знаходзяць пахаванні высокастатусных асобаў, іх косткі часта больш чым у суседніх пахаваннях. І гэтаму ёсць даволі простае тлумачэнне: высокі статус дазваляе пазбегнуць голаду і дрэннай дыеты, асабліва ў дзяцінстве, што істотным чынам паўплывае на далейшы рост арганізму. Калі проста: багатыя - жэрлі, бедныя - галадалі.
Да фэйсбучных дэбатаў гэта тычыцца даволі дэтэктыўным чынам. Калі паглядзець, дзе ourworldindata узялі дадзеныя, можна зразумець, што яны проста візуалізавалі таблічку з Hermanussen (2003). Пры гэтым, зрабілі памылку нават у даце публікацыі, што ўжо намякае. Таблічка таксама не арыгінальная, а ўзятая з Angel (1984). Узятая таксама не цалкам, бо на 1450 BC прыведзеныя дадзеныя (і гэта ключавы факт) па Royal, але не прыведзеныя дадзеныя па Commoners, якія на 6.4 сантыметры ніжэй. Тое, што там дадзеныя толькі па пары індывідаў можна зразумець па адсутнасці estimated population density, што і лагічна - адкуль density ў пары шкілетаў з аднаго кургана.
У адпаведнасці, ніякага “аўтлаера” у 1450 ВС, канешне, няма – ёсць неакуратная праца з дадзенымі і шэраг паступовых памылак, якія і прывялі да публікацыі папулярнага, але памылковага графіка. Поўны і правільны варыянт можна глянуць у Boix & Rosenbluth (2014), а менавіта – Figure 1 і Table 3
З ростам аб’ёму даступных дадзеных, было б карысным прывіваць людзям культуру працы з імі. З іншага боку, ёсць меркаванне, што нашым продкам малпачкам было цікавей уяўляць захапляючыя патэрны ў афрыканскім гушчары, а не маркотна кавырацца ў зямлі палкай-капалкай. Так што fair enough.
Post #13
363