Паразмаўляем пра медытацыю і яе доказную базу.
Як чалавеку, які вырас на баевіках 90-ых, мне падабалася ідэя, што можна крыху пасядзець з перакрыжаванымі нагамі, а потым раскідаць ворагаў ва двары вяртухамі. Цяпер мяне больш цікавіць той факт, што такая эзатэрычная тэма мае салідную навуковую базу. Прынамсі, эксперыментаў правялі сотні.
Некалькі прыкладаў:
Медытацыя і сон. Мета-аналіз 18 эксперыментаў. Высновы - медытацыя мае пазітыўны, доўгатэрміновы, слаба-сярэдні эфект на сон, параўнальны з больш класічнымі інтэрвенцыямі, напрыклад іншымі тэхнікамі супакаення. Важным нюансам ёсць адсутнасць карэляцыі паміж працягласцю сесій і эфектам - што 20 хвілін, што 2 гадзіны, эфект аднолькавы
Медытацыя і ўвага. Мета-аналіз 13 эксперыментаў пра тое, што па-англійску называецца executive functions ці executive control - розныя формы ўвагі, працоўную памяць, здольнасць супрацьстаяць парывам і раздражняльнікам і г.д. Выснова - слаба-сярэдні пазітыўны эфект. У суседнім мета-аналізе высновы аналагічныя.
Медытацыя і трывожнасць, дэпрэсія. Мета-аналіз 23 эксперыментаў, слаба-сярэдні пазітыўны эфект, нізкая якасць эксперыментаў, моцнае падзенне эфектыўнасці медытацыі ў параўнанні з актыўным кантролем (актыўнае плацэба, іншыя тэхнікі дапамогі і г.д.). Яшчэ адзін мета-аналіз 34 эксперыментаў прыйшоў да падобных выснаваў - слаба-сярэдні эфект, крыху большы для стрэсу і трывожнасці, чым для дэпрэсіі
Медытацыя і картызол. Мета-аналіз 10 эксперыментаў з замерамі праз кроў паказваюць сярэдні пазітыўны эфект. Аднак размова ідзе пра групы рызыкаў - людзей, якія жывуць у моцным стрэсе. Калі мераць картызол праз сліну, 21 эксперымент, эфекту няма агулам, але ёсць, зноў, для людзей у моцным стрэсе.
Як для сябе я інтэрпрэтую гэтыя вынікі. Эфекты не вельмі моцныя, але інтэрвенцыя танная, без пабочак. Калі мне падаецца, што я разгублены на працы, думкі перад сном мяне атакуюць крыху больш, чым звычайна і г.д., я магу арганізаваць сабе тыдзень штодзённай медытацыі. Без фанатызму і гвалту, пераважна таму, што сама практыка мне падабаецца. Калі мне робіцца лянота, я перастаю. Гэта дапамагае мне назапасіць энтузіязм да наступнага разу праз пару месяцаў.
Крыху карысных відэа:
• Падкаст Губермана на 2.5 гадзіны пра тое, як гэта можа працаваць на фізіялагічных узроўні, працытавана шмат цікавых даследванняў, прыведзеныя прыклады некаторых практык
• Пра нейрафізіялогію медытацыі за 13 хвілін
• Не настолькі інфарматыўны, але лёгкі і ненапружны google talk на гадзіну
• Медытацыі па-беларуску
Post #111
2.1K