Пракаментаваў вынікі тыдня на "Свабодзе". Вось фрагмент маёй гутаркі з Ганнай Соўсь.
— На каго разьлічаныя відэа з навучальнымі заняткамі для апалчэньня, якія паказвае дзяржаўная прапаганда?
— У мяне склалася ўражаньне, што гэта чарговая паказуха, чарговыя пацёмкінскія вёскі, якія паказваюць Лукашэнку.
Тут дэманструюць нейкі ўзорна-паказальны атрад апалчэньня. Камандзір гэтага атраду, як высьветлілася, зь Менску, былы спэцназавец з «Алмазу». Гэта ж ня кожны атрад, ня кожны сельсавет можа мець такога камандзіра.
Па-другое, гэта паляўнічая гаспадарка, зьвязаная зь бізнэсоўцам, блізкім да Лукашэнкі, Мікалаем Вераб’ём, які ўсіх экіпіраваў. Таму гэта той выпадак, калі паказваюць не тыповы атрад апалчэньня, а ўзорны — каб дагадзіць Лукашэнку.
Лукашэнка сам падкрэсьліў, што бізнэсовец Верабей закупіў усю амуніцыю, і сказаў, што гэты досьвед варта было б пашырыць на ўсю краіну. Ёсьць такая небясьпека, мне здаецца, што цяпер з бізнэсоўцаў пачнуць страсаць грошы яшчэ і на амуніцыю для гэтага апалчэньня.
Post #1204
122