Канцэпцыя прапануе новую мадэль узаемадзеяння работнікаў, наймальнікаў і дзяржавы. У прыватнасці, яна прадугледжвае незалежнасць прафсаюзаў, калектыўныя перамовы і абавязковыя кансультацыі з прадстаўнікамі работнікаў і наймальнікаў перад прыняццем рашэнняў, якія закранаюць працоўныя і сацыяльна-эканамічныя правы.
Выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч лічыць, што прапанаваная канцэпцыя можа стаць добрай асновай для будучага заканадаўства, якое будзе рэгуляваць узаемадзеянне паміж работнікамі, наймальнікамі і дзяржавай.
«Сацыяльны дыялог стварае аснову для інклюзіўнага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы і грамадства. Ён дапамагае вырашаць спрэчкі паміж работнікамі, наймальнікамі і дзяржавай, павышае давер і стварае ўмовы для эканамічнай стабільнасці. Гэта таксама механізм, які павінен забяспечваць сацыяльныя гарантыі, бяспеку людзей на працоўных месцах і справядлівую аплату працы»,
— падкрэсліла Юлія Міцкевіч.
Канцэпцыя будзе далей абмяркоўвацца з рознымі бакамі, каб атрымаць зваротную сувязь. Юлія Міцкевіч таксама запрошаная да ўдзелу ў гэтым працэсе.
З поўнай канцэпцыяй закона «Аб сацыяльным дыялогу» можна азнаёміцца на сайце «Рэанімацыйнага пакета рэформаў для Беларусі».

