Дом Мікалая Статкевіча і Марыны Адамовіч у Лошыцы знеслі, таму сям’я пераехала ў загарадны дом недалёка ад Менску. Праз гэта Статкевіч узгадаў на сваім канале пра шматгадовыя чуткі пра яго нібыта раскошную маёмасць:
«Найбольш распаўсюджаныя плёткі пра тое, што апазіцыянеры атрымоўваюць і прысвойваюць велізарныя грошы ад замежных краін.
З-за ўласцівай большасці людзей зайздрасці і адсутнасці ў іх уяўленні іншых матываў для небяспечнай і няроўнай барацьбы з рэжымам, акрамя грошай і ўлады, яны часта ўспрымаюць гэтыя плёткі, як праўдзівыя».
Так Статкевіч кажа пра плёткі, як сродак прапаганды:
«Не трэба недаацэньваць іх эфектыўнасць. Тым болей, што ў рэжыма ёсць магутная схаваная сетка для іх распаўсюджвання. Я маю на ўвазе сексотаў ды інфарматараў спецслужбаў».
Статкевіч кажа, што чуткі пра яго «катэдж» ходзяць яшчэ з канца 1990-х. Потым нават ягоны звычайны дом у Лошыцы сталі называць «трохузроўневым катэджам».
Цяпер Статкевіч іранізуе, што сапраўды пераехаў у «катэдж».

