Пісьменніца Вольга Гапеева стала лаўрэаткай прэміі братоў Грым па літаратуры горада Ганаў (Brüder-Grimm-Preis für Literatur der Stadt Hanau) за 2026 год.
🏆Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 16 лістапада 2026 года на Культурным форуме (Kulturforum Hanau).
Беларуская паэтка, эсэістка і перакладчыца будзе ўганаравана за кнігу «Слоўнік качэўніка» („Wörterbuch einer Nomadin“), у якой яна даследуе складаныя ўзаемасувязі паміж мовай і прыналежнасцю.
"У «Слоўніку качэўніка» яна дэманструе, як мова можа спрыяць крытычнаму мысленню і адначасова стаць магутным прытулкам. Аўтарка паказвае сябе як уважлівы назіральнік сучасных умоў, крытык пастаяннай несправядлівасці і пустых моўных формул", — заявілі журы.
Літаратурная прэмія братоў Грым горада Ганаў уручаецца з 1983 года і прысвечана братам Якабу і Вільгельму Грымам, якія нарадзіліся ў гэтым горадзе. Прэмія мае прызавы фонд у 10 тысяч еўра.
