Калі прайсці ад драўлянага касцёлу ўніз па плыні ракі каля кіламетру, сустракаем мураваную капліцу. Абедзве сьвятыні – частка комплекса Марыянскай кальварыі, створанай у 30-х гг. Кальварыя складалася з 7 станцый, якія сімвалізуюць 7 смуткаў маці божай:
Сімяонава прароцтва;
Уцёкі ў Егіпет;
Адшуканне Хрыста ў храме;
Сустрэча на Крыжовым шляху;
Укрыжаванне і сьмерць Езуса;
Зняцце з крыжа;
Пахаванне Хрыста.
Шлях між станцыямі складае 2 км і пачынаецца з цаглянай брамы. Яна захавалася. Яшчэ захаваўся пастамент з Багародзіцай (у сеціве месца часам называюць «крыніца ля багіні». Зноў нейкія язычніцкія вайбы). Астатнія станцыі прадстаўлены драўлянымі крыжамі. Але іх не пакажу. Гэты хрэсны ход скончыўся ля капліцы, бо не хацелася пакідаць човены з майном надоўга.
Няхай кожны, хто мінае гэту капліцу, пабожна прачытае «Вітай, Марыя« за душу святой памяці Ігната Сідарэвіча
- паведамляе надпіс на пліце на фасадзе капліцы. Хто такі гэты Сідарэвіч – невядома. Мабыць, чалавек быў паважаны, калі памяць пра яго высеклі на камяні. Але зараз прыйшоў час развітвацца з Дубком. Гэта быў апошні пункт гэтага падарожжа. Спадзяюся, вам было таксама цікава сачыць за ім. Час вяртацца дадому.