TGViewer
Belarus_Finance Belarus_Finance @belarus_finance · 1.31K subscribers
Post #150 6.31K
Прафесар Нью-Йоркскага ўніверсітэту Асват Дамадаран апублікаваў абноўленыя разлікі прэмій за краінавыя рызыкі.

Для чаго ўжываюцца такія разлікі?

Інвестарам патрэбны нейкі арыенцір для доўгатэрміновай штогадовай даходнасці інвеставання ў акцыянерны капітал кампаній з розных краін, якая будзе дастатковай для кампенсацыі іх рызыкаў.

Як разлічваецца гэты арыенцір даходнасці?

Вельмі спрошчана - для кожнай краіны:

Арыенцір даходнасці = Бязрызыкавая стаўка + Прэмія за рызыку

У якасці бязрызыкавай стаўкі, як правіла, прымаецца стаўка па доўгатэрміновым амерыканскім дзяржаўным аблігацыям (зараз каля 3%).

Прэмія за рызыку ў сваю чаргу складаецца з двух кампанентаў:

(а) прэміі за рызыку інвеставання ў акцыі як клас актываў (бо яны, вядома, больш рызыкоўныя, ніж дзяржаўныя аблігацыі). Як правіла, яна разлічваецца як доўгатэрміновая розніца даходнасцяў паміж акцыямі і дзяржаўнымі аблігацыямі ў найбольш "бяспечных" для інвестараў краінах з мінімальнай краінавай рызыкай. Напрыклад, па разліках Дамадарана, такая розніца ў ЗША складае зараз каля 6%.

(б) Прэмія за краінавую рызыку. Ёсць шмат метадаў яе падліку - Дамадаран арыентуецца, сярод іншага, на крэдытныя рэйтынгі і/або даходнасць па еўрабондам.

Як змяніўся арыенцір неабходнай даходнасці для інвеставання ў Беларусь за апошнія паўгады?

Што нядзіўна, Беларусь (як і Расея і Украіна) лідыруюць у спісе краін, у якіх прэмія за краінавую рызыку за апошнія паўгады вырасла больш за іншых - з 7% да 17% (а сумарная прэмія за рызыку - з 11% да 23%).

Такім чынам, прыкладны арыенцір даходнасці для міжнароднага інвестара ў Беларусь у USD:

3% (бязрызыкавая стаўка) + 6% (прэмія за рызыку акцый) + 17% (прэмія за рызыку краіны) = 26%

Аналагічны арыенцір даходнасці паўгады таму складаў усяго каля 12% - такім чынам, ён вырас аж на 14 працэнтных пунктаў. Прытым каля 10-11 з 14 - менавіта з-за краінавай рызыкі, і толькі 3-4 - з-за знешніх фактараў (кшталту падвышэння працэнтных ставак у свеце).

Якія ў гэтага практычныя наступствы для Беларусі?

На лічбы Дамадарана (ці аналагічныя разлікі іншых кампаній/спецыялістаў - якія, як правіла, між сабой моцна карэлююць) арыентуюцца інвестары па ўсім свеце пры разліках умоў здзелак па куплі-продажы акцыянернага капіталу. Таму значнае падвышэнне неабходнай даходнасці з-за краінавай рызыкі зніжае вартасць актываў у адпаведнай краіне (бо калі інвестару патрэбная больш вялікая даходнасць - ён будзе гатовы заплаціць за актыў менш).

У той жа час, у выпадку Беларусі наступствы падвышэння разліковай краінавай рызыкі даволі абмежаваныя:

(а) Беларусь і так адарваная ад міжнародных рынкаў капіталу
(б) Існуюць абмежаванні на продаж далей у беларускіх бізнэсах для інвестараў з "несяброўскіх" краінаў
(с) Для мясцовых і расейскіх інвестараў альтэрнатыўныя мажлівасці інвеставаня моцна абмежаваныя
(d) Галоўны чыннік падвышэння краінавай рызыкі - зніжэнне крэдытнага рэйтынгу з-за дэфолту, які ўсё ж пакуль толькі тэхнічны.

Нягледзячы на гэта, нельга сказаць што наступстваў не будзе зусім. Здзелкі з беларускімі актывамі ўсё роўна будуць адбывацца, але інвестары нават з "сяброўскіх" краінаў (асабліва з тых, якія не знаходзяцца пад санкцыямі - Кітай, Турцыя, Сербія і г.д.) будуць гатовыя плаціць за беларускія актывы яшчэ менш, ніж раней, маючы больш чым дастатковую колькасць альтэрнатыў. Бо на практыцы яны таксама вельмі часта арыентуюцца на тыя ж падлікі, што і інвестары з "несяброўскіх" краінаў.
Blogspot Country Risk: A 2022 Mid-year Update! A blog about markets, finance and all things money related.
  • 👍 14
  • 👏 1
More from @belarus_finance
  1. Apr 27, 2023Прыняў удзел ў апошнім выпуску падкаста “Сігнал і шум” пра ацэнку кампаній. Пакрылі дастат…
  2. Mar 17, 2023Вельмі прыемна бачыць канкурэнцыю на “рынку” беларускамоўнага кантэнту па фінансах - тэлег…
  3. Mar 1, 2023Рэкамендую інтэрв'ю майго суаўтара, Яўгена Левага на MyFin. Для чытачоў каналу, напэўна, н…
  4. Nov 12, 2022Тэма карпаратыўнага кіравання - адна з ключавых у свеце фінансаў, фондавых рынкаў і інвест…
  5. Nov 3, 2022Пакінуўшая Кабінет Ціханоўскай Таццяна Зарэцкая была прадстаўніцай па эканоміцы і фінансам…
  6. Oct 24, 2022Кампанія Aigenis стварыла індэкс топ-7 акцый ("Aigenis Top 7"), якія гандлююцца на беларус…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →