Ігар Аліневіч – адзін з самых вядомых беларускіх анархістаў, удзельнік спісу “не аднойчы палітвязень”, які зараз адбывае адзін з самых буйных прысудаў (20 гадоў) па падзеях 2020-2021 гг. Сёння Аліневічу споўнілася 39 гадоў.
Маё знаёмства з асобай Аліневіча пачалося з кнігі “Еду ў Магадан” – турэмнага дзённіка, у якім Аліневіч апісаў першую частку свайго зняволення (якое пачалося ў лістападзе 2010 праз выкраданне Аліневіча расейскімі спецслужбістамі ў Маскве, а скончылася праз памілаванне ў жніўні 2015). Кніга надзвычай шчырая і жывая, на мой погляд, абавязковая для чытання. Гэты тэкст можна знайсці ў анталогіі “Голас волі з-за кратаў” (там тэкст у арыгінале па-расейску) ці ў перакладзе на беларускую (напрыклад, на Камунікаце).
Узгаданыя шчырасць і жывасць, а таксама паслядоўнасць і прынцыповасць Ігара Аліневіча прыцягваюць, і для кагосьці могуць стаць кропкай апоры ў гэты зменлівы час. З Аліневічам пры жаданні можна знайсці нямала матэрыялаў, у тых, што я чытаў і глядзеў, яго тэзісы і іх аргументацыя гучаць ясна і прама, у яго словах не трэба шукаць прыхаваных сэнсаў, бо яго словы маюць менавіта тое значэнне, што прамовіў ці напісаў Аліневіч. А з біяграфіі і ўчынкаў Аліневіча мы ведаем, што за свае словы ён адказвае.
Мяркую, што менавіта гэтыя якасці – а таксама іх праявы ва ўчынках – ёсць той прычынай, чаму беларускія ўлады так жорстка пераследуюць Аліневіча (а таксама іншых анархістаў). У іх дзейнасці ёсць вялікі натхняльны патэнцыял, а непрыняцце на нейкім арганічным узроўні несправядлівасці як у Беларусі, так і наогул, робяць немагчымымі ніякія формы кантролю, акрамя як фізічнае зняволенне, пры гэтым падкрэслена доўгае і з жорсткімі ўмовамі ўтрымання. Уявіце, за мэтанакіраваныя забойствы даюць менш у гэтай краіне, чым атрымліваюць анархісты за пашкоджанне будынкаў ці маёмасці, фактычна – за свае погляды і прынцыповасць.
#Беларуская_глыбіня #Аліневіч #Палітвязні
Post #137
131