“Факт 7. Дома займалася рамяством
— Калі я куды-небудзь прыязджаю, у першую ж вольную хвіліну бягу збіраць насеньне. Асабліва шмат у мяне часьцінаў дуба, вярбы, клёну, акацыі, вішні, сьлівы, арэха, бабовых, кавуна, сланечніка, кукурузы, лёну, пшаніцы. Ёсьць шмат прыстасаваньняў, каб апрацаваць кожную костачку і зрабіць каралі. Спачатку ўсё высушваю, падбіраю па колеры і форме, раблю дзірачкі. Некаторыя ставяцца да майго захапленьня як да несур'ёзнай забавы і пытаюцца, ці нашу я сама сваю біжутэрыю.
Нашу абавязкова. Вось каралі з кукурузы — глядзяцца як бурштын. Вось каралі з насеньня перцу — як быццам з пацерак. Усё гэта нейкім чынам дапамагае мне ў працы над ролямі. Не сьмейцеся. Глядзіш на лаканічны прыродны корань, галінку, насеньне. Нічога залішняга. Узгадваеш свае рухі на сцэне. Разумееш утоеную глыбіню скупых жэстаў. У чалавеку ўсё злучана з прыродай. Незаўважна так дапамагаюць мне мае мілыя лясныя сябры”.
Я нямала гадоў таксама ставіўся да падобных захапленняў як да “несур'ёзнай забавы”. Але час ідзе, штосьці адкрываецца з раней нябачанага боку. Цяпер на розныя захапленні я гляджу з цікавасцю, не махаю на іх рукой, так бы мовіць. Дакладней большую цікавасць выклікаюць людзі, якія шчыра захапляюцца, робяць штосьці таму, што ім так хочацца, а не таму, што “трэба-праца-абавязкі”. Не змушана, але вольна.
Такі вольны падыход часам дае магчымасць захопленым людзям трапіць у стан актыўнага ды ўключанага сузірання, у стан, калі не толькі глядзіш, але і бачыш. У выказванні Стэфаніі Станюты выдатны прыклад: “глядзіш - узгадваеш - разумееш”.
Таксама трэба адзначыць цудоўную эстэтыку: “лаканічны корань, галінка, насеньне - нічога залішняга”, “утоеная глыбіня скупых жэстаў” і, канешне, “незаўважна так дапамагаюць мне мае мілыя лясныя сябры”.
Прыгожа і мудра.
#Беларуская_глыбіня #Станюта