Нам часта задаюць пытанне: чаму беларуская супольнасць ва Украіне не звяртаецца па дапамогу да офіса Святланы Ціханоўскай і іншых структур беларускіх дэмакратычных сіл у Еўропе для падтрымкі Дома Вольнай Беларусі, музея беларускіх герояў, мемарыяльных праектаў і грамадскіх ініцыятыў ва Украіне?
Адкажам адкрыта.
У 2023 годзе разам з жонкамі загінулых беларускіх герояў мы стварылі Беларускі цэнтр нацыянальнай памяці ва Украіне. Мы звярнуліся да Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сіл не па фінансаванне. Мы прасілі падтрымкі самой ініцыятывы, мэтай якой было захаванне памяці беларускіх герояў, дапамога іх сем’ям і фармаванне беларускай нацыянальнай памяці ва ўмовах вайны.
Мы звярталіся непасрэдна да кіраўніцтва Офіса Святланы Ціханоўскай. Аднак ні перамовы з Франакам Вячоркам, ні з адным з кіраўнікоў офіса Аляксандрам Добравольскім не прывялі да рэальнай падтрымкі гэтай ініцыятывы. Праект, прысвечаны захаванню памяці беларускіх герояў і падтрымцы іх сем’яў, так і не атрымаў падтрымкі з боку беларускіх дэмакратычных структур.
Менавіта тады мы зрабілі важную выснову, якая з цягам часу толькі пацвердзілася: значная частка беларускіх палітычных структур за мяжой схільная канцэнтравацца перадусім на праектах, якія знаходзяцца ў межах іх уласных прыярытэтаў і сістэмы каардынацыі. Самастойныя ініцыятывы, нават калі яны маюць агульнанацыянальнае значэнне, часта застаюцца па-за фокусам іх увагі.
Тым часам беларуская супольнасць ва Украіне без іх удзелу стварыла музей прысвечаны беларускім Героям, арганізавала дзясяткі выстаў па ўсёй краіне, рэалізавала мемарыяльныя праекты, дапамагала сем’ям загінулых добраахвотнікаў, збірала і захоўвала гісторыю ўдзелу беларусаў у абароне Украіны, дамагалася ўшанавання беларускіх герояў на дзяржаўным і мясцовым узроўнях.
Гэта была не палітычная дзейнасць. Гэта была праца дзеля нацыянальнай памяці.
Таму асабліва паказальна, што людзі і структуры, якія рэгулярна заяўляюць пра прадстаўніцтва інтарэсаў усіх беларусаў, так і не знайшлі магчымасці падтрымаць беларусаў ва Украіне — тых, хто ваюе, працуе, губляе блізкіх і нясе на сабе цяжар гэтай вайны.
Сёння, калі Дом Вольнай Беларусі ў Львове быў вымушаны пакінуць памяшканне, у якім былі створаны музей беларускіх герояў, беларуская школа, грамадская прастора і пляцоўка для беларускай супольнасці,гэта таксама не выклікала прыкметнай зацікаўленасці з боку тых структур, якія прэтэндуюць на ролю агульнанацыянальнага прадстаўніцтва.
Гэта не крыўда і не расчараванне. Гэта канстатацыя факту.
За апошнія гады стала відавочна, што паміж беларускай палітычнай эміграцыяй у Еўропе і беларускай супольнасцю ва Украіне сфармаваліся дзве розныя рэальнасці.
У адной рэальнасці гучаць правільныя словы пра нацыянальныя каштоўнасці, герояў і будучыню Беларусі, праводзяцца канферэнцыі, форумы і дыскусіі пра лёс краіны.
У другой — беларускія добраахвотнікі аддаюць жыццё за свабоду, іх сем’і застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі, а захаванне памяці пра герояў трымаецца выключна на намаганнях валанцёраў, актывістаў і неабыякавых людзей.
Менавіта таму мы больш не чакаем дапамогі ад палітычных офісаў і структур.
Мы разлічваем на ўласныя сілы, на беларускую супольнасць ва Украіне і на тых людзей, для якіх памяць пра беларускіх герояў — гэта не элемент палітычнай рыторыкі, а маральны абавязак.
Бо нацыя вызначаецца не толькі тымі, хто выступае ад яе імя. Найперш яна вызначаецца тымі, хто ў самыя цяжкія часы бярэ на сябе адказнасць і дзейнічае.
І гісторыя заўсёды ацэньвае не словы, а справы.
Post #25784
1.09K
Forwarded from ВІЛЬНА БІЛОРУСЬ