У Менску рэжым судзіць каталіцкага сьвятара
У Менску ў закрытым рэжыме пачаўся суд над пробашчам парафіі ў Альковічах Вілейскага раёну ксяндзом Анатолем Парахневічам. Сьвятара затрымалі ў сярэдзіне сакавіка, і ўжо больш за 200 дзён ён застаецца за кратамі. Паводле вернікаў, ксёндз утрымліваецца ў СІЗА КДБ. Яму інкрымінуюць «здраду дзяржаве», аднак падрабязнасьці абвінавачаньня грамадзкасьці невядомыя.
За час зьняволеньня сьвятар адзначыў 66-годзьдзе і 31-ю гадавіну сьвятарскага пасьвячэньня. Афіцыйнай інфармацыі пра ход працэсу і вынік суду пакуль няма. Закрыты суд і адсутнасьць публічнай інфармацыі зноў пакідаюць грамадзтва без адказаў на галоўнае пытаньне: у чым насамрэч абвінавачваюць сьвятара і наколькі абгрунтаваныя гэтыя абвінавачаньні.
Post #25747
2.01K
