Святлана Ціханоўская і дырэктар віленскага Офіса Дзяніс Кучынскі сустрэліся з беларусамі, якіх вызвалілі 16 верасня і прымусова вывезлі з Беларусі, а таксама з валанцёрамі і ментарамі, якія дапамагаюць ім адаптавацца ў Літве. Сустрэча адбылася ў партнёрстве з «Вольнымі».
Удзельнікі абмеркавалі асноўныя складанасці пасля зняволення, доступ да медыцынскай, псіхалагічнай і сацыяльнай дапамогі, а таксама магчымасці ўзаемападтрымкі. Былыя палітвязні ўжо атрымалі неабходную дапамогу, у тым ліку ўсе яны легалізаваны і маюць дакументы. Пытанні медыцынскай і стаматалагічнай дапамогі таксама паступова вырашаюцца.
Святлана Ціханоўская:
«Я разумею, як вам цяпер няпроста: пасля ўсяго, што вы перажылі, трэба нанова будаваць жыццё, вырашаць мноства штодзённых пытанняў і прывыкаць да новай рэальнасці. Я вельмі рада бачыць, як вы паступова аднаўляецеся, знаходзіце падтрымку і робіце першыя крокі да новага жыцця.
Вызваленне пад прымусам, калі чалавека вывозяць з краіны без права застацца, а сваякоў пакідаюць пад ціскам, мы не лічым сапраўднай свабодай. Гэта працяг рэпрэсій у іншай форме. Мы не маем права лічыць, што ўсё скончылася, калі дзверы турмы адчыніліся. Гэта толькі першы крок. Сапраўдная свабода наступіць тады, калі чалавек зможа жыць дома разам з сям’ёй і нікога не будуць караць за яго біяграфію».