У Музеі Вольнай Беларусі беларуская лідарка сустрэлася з вызваленымі палітзняволенымі, камандай арганізацыі «Вольныя», ментарамі і валанцёрамі, якія дапамагаюць людзям пасля выхаду на волю.
Святлана падзякавала валанцёрам, камандзе «Вольных» і іншым арганізацыям, якія дапамагаюць вызваленым. Самі палітвязні таксама адзначылі ўсебаковую падтрымку і клопат, хуткую дапамогу і якасныя кансультацыі.
Падчас сустрэчы разбіралі праблемы, з якімі беларусы сутыкаюцца ў Польшчы: легалізацыю, замену пасведчанняў кіроўцы, афармленне банкаўскіх картак і адкрыццё рахункаў.
Шмат пытанняў было пра далейшае вызваленне палітвязняў: як ідзе гэтая праца і што яшчэ можна зрабіць для тых, хто застаецца за кратамі. Асобна абмеркавалі ціск на сваякоў палітзняволеных, які працягваецца ў Беларусі.
Святлана Ціханоўская:
«За дапамогай пасля вызвалення стаіць вялікая штодзённая праца. Нехта дапамагае разабрацца з дакументамі, нехта суправаджае ў банк ці знаходзіць адказ на пытанне, з якім чалавек сутыкнуўся ўпершыню. Я вельмі ўдзячная камандзе «Вольных», валанцёрам і ўсім арганізацыям, якія бяруць на сябе гэты клопат. Важна, каб чалавек мог звярнуцца па дапамогу і атрымаць яе своечасова.
Мы павінны працягваць прыкладаць намаганні, каб усе несправядліва зняволеныя выйшлі на волю».


