У інтэрв’ю Еўрарадыё Святлана Ціханоўская расказала пра стан беларускага дэмакратычнага руху, перамовы з рэжымам, жыццё беларусаў у эміграцыі і тое, чаму беларускае грамадства павінна заставацца суб’ектам у вырашэнні будучыні краіны.
Пра галоўную зброю рэжыму
«У рэжыму ёсць толькі адна зброя, адзін інструмент — гэта страх. Лукашэнку няма чаго прапанаваць беларусам, у яго ёсць магчымасць толькі запалохваць, і ён гэтым карыстаецца. Рэжым хоча, каб людзі перасталі ўцягвацца ў беларускі парадак дня, каб рассяродзіліся па Польшчы, Літве і так далей і сядзелі ціха, як мышы. Гэта іх тактыка, гэта іх разуменне, як спыніць вось гэты моцны беларускі грамадскі рух, і яны гэтым карыстаюцца».
Пра перамовы з рэжымам
«Гэта павінен быць дыялог паміж грамадствам і рэжымам, каб вырашыць пытанні, якія нас хвалююць — рэпрэсіі, незалежнасць Беларусі, палітзняволеныя, будучыня Беларусі без расійскага ўплыву. Гэта выцягванне Беларусі з вайны супраць Украіны. Рэжым бачыць гэты дыялог наўпрост з Амерыкай, з Еўропай. Рэжым не дбае пра меркаванне беларусаў. Так не павінна быць. Вось і таму мы за перамовы, але ж вось у такім выглядзе».
Пра беларусаў у эміграцыі
«Рэжым разумее толькі мову сілы. Пакуль мы паказваем сваю моц, гатоўнасць бараніць сваё, узмацняць нацыянальную ідэнтычнасць, захоўваць нашы інстытуты і працаваць разам, рэжым з намі лічыцца. Яны разумеюць, што мы як людзі, як народ, як нацыя сталі суб'ектам, які супрацьстаіць рэжыму».
