Клімат у Беларусі змяняецца, а разам з ім і беларуская прырода. Яліны з-за пацяплення губляюць арэал на поўдні краіны, а тое, што яшчэ нядаўна здавалася экзотыкай, паступова становіцца часткай беларускага прыроднага ландшафту.
Прэсную медузу Craspedacusta sowerbii ужо знаходзяць у Прыпяці, Піне, Дняпры, Бярэзіне і Нёмане. У Заходняй Дзвіне назіралі нават яе масавае скапленне, хоць упершыню ў Беларусі гэтую медузу зафіксавалі толькі ў 2018 годзе.
Шакалы, што яшчэ нядаўна жылі ў паўднёвых стэпах Украіны, пачалі з’яўляцца ў нашай краіне, і іх арэал працягвае пашырацца. У чэрвені 2026 года аднаго з іх зняла фотапастка ў Гродзенскім раёне.
Ёсць і іншыя прыклады. У нашы лясы вярнуўся янот-паласкун, а гіганцкая вечарніца – найбуйнейшы кажан Еўропы – пасля амаль стагоддзя адсутнасці зноў з’явілася і паспяхова размнажаецца.
На поўнач Беларусі ўпэўнена прасоўваюцца багамол і павук-аса; апошняга ўжо знаходзяць у самых паўночных раёнах краіны.
Мяняецца і флора. Падарожнік аленерогі, радзімай якога лічацца Міжземнамор’е і Заходняя Азія, у 2024 годзе знайшлі на Брэстчыне. Сёння ён ужо «захапіў» Баранавічы і Стаўбцоўскі раён і працягвае распаўсюджвацца па краіне.
Водны папараць сальвінія плывучая, паводле даследавання беларускіх батанікаў 2025 года, на фоне пацяплення пашырае межы арэала на паўночны захад і паўночны ўсход.
Чаму так адбываецца? Адна з галоўных прычын – пацяпленне. Больш мяккія зімы дазваляюць цеплалюбівым відам перажываць халодную пару, размнажацца і паступова рухацца на поўнач.
Падобна, карта беларускай фауны і флоры будзе і далей мяняцца. Віды, якія сёння мы ўспрымаем як экзотыку, заўтра могуць стаць цалкам звычайнымі суседзямі.
Post #10744
112
