Раскажу аб адной вельмі цікавай, але, на жаль, забытай, постаці з гісторыі анархізму і літаратуры, звязанай з Украінай і Беларуссю. Гаворка аб
Анатолю Кансэ. Звесткі аб ім я калісці знайшоў у Амстэрдаме ў Міжнародным інстытуце сацыяльнай гісторыі. Пачаў капаць і выявілася, што Кансэ быў чалавекам, блізкім мне па ўспрыманні гэтага свету. Паэт-анархіст. Да таго ж меў дачку.
Сапраўднае прозвішча Кунцэвіч, нарадзіўся ў 1898 г. ў Кіеве. Меў беларускія або нават польскія карані (гэта мая згадка), на што паказвае каталіцкае веравызнанне яго бацькі, выхадца з Магілёва, і форма імя Анатоль. Сам Кансэ пазней называў сябе "інтэрнацыяналістам" (так пісаў аб сабе ў анкеце ў рубрыцы "нацыянальнасць" падчас арышту Ў 1925 г.).
Пад уплывам падзей Першай сусветнай вайны захапіўся ідэямі Міхаіла Бакуніна і Макса Штырнера, стаўшы перакананым анарха-індывідуалістам. Таксама вельмі цаніў Прудона, якому прысвячаў вершы. Пісаў па-расейску.
Пасля рэвалюцыі 1917 года Кансэ актыўна ўключыўся ў анархісцкі рух у Кіеве, стаўшы адным з кіраўнікоў Кіеўскай асацыяцыі вольных анархістаў. Займаўся прапагандай, рэдагаваў анархісцкія выданні. У 1919 г. выйшаў адзіны ягоны зборнік вершаў "Чёрные зовы". Экзэмпляр, які я далучаю ніжэй, захоўваецца ў Эн Арбары, у Бібліятэцы Мічыганскага універсітэту. Адтуль і фота анархіста.
Як паэт ён належаў да кірунку анарха-футурызму. Паколькі савецкая цэнзура хутка забараніла свабодны друк, Кансэ на працягу 1920-х і 1930-х гг. актыўна публікаваў свае творы, эсэ і афарызмы за мяжой — у рускамоўнай анархісцкай прэсе ЗША і Аргенціны. Дакладней сказаць, таварышы публікавалі, а таксама дапамагалі грашыма.
Вось назвы газет і часопісаў, у якіх я адшукаў ягоныя творы:
„Американские известия” (Нью-Ёрк)
„Буревестник” (Нью-Ёрк) „Вольная жизнь” (Масква) „Волна” (ЗША)
„Воля Украіны” (Нью-Ёрк) „Голос труда” (Буэнас-Айрэс)
„Дело труда-Пробуждение” (Нью-Ёрк)
„Пробуждение” (Дэтройт) „Рассвет” (Чыкага)
„Свобода” (Кіеў)
„Свобода внутри нас” (Кіеў)
„Сеятель” (Буэнас-Айрэс)
Паэзія была для Анатоля галоўнай творчай стыхіяй. Акрамя вершаў, Консэ пакінуў пасля сябе некалькі тэарэтычных нарысаў. У сваім эсэ "Раздавіце гадзіну!" ён востра раскрытыкаваў савецкую ўладу, бальшавіцкую бюракратыю і ваенны камунізм, заявіўшы, што яны задушылі сапраўдную сацыяльную рэвалюцыю. Таксама ён сур'ёзна цікавіўся вольнай педагогікай і напісаў працу "Думкі пра выхаванне»
" , якую прысвяціў педагогу Канстанціну Венцэлю (1857-1947). У ёй Кансэ абараняў правы дзяцей на свабоднае развіццё і сцвярджаў, што выхаванне павінна быць цалкам аддзелена ад ціску дзяржавы і рэлігіі. Вельмі цікавы пункт у ягонай біяграфіі, бо ён меў дачку. Як складваліся ягоныя адносіны з дачкой? Які лёс спаткаў яе, дачку "ворагаў народу"?
Савецкія спецслужбы (ВЧК-ГПУ-НКВД) бесперапынна пераследавалі паэта. За ягоныя анархісцкія погляды і сувязі з замежжам Кансэ ўпершыню арыштавалі ў 1920 г. У 1925 г. яго прызналі "сацыяльна небяспечным элементам" і выслалі ў Саратаў. Разам з ім ссылку адбывала яго жонка і таварышка жыцця, анархістка Любоў Нямерыцкая (якая перажыла мужа і памерла пасля 1950 г.). Менавіта з ёй ён меў дачку Вольгу (1923 г. н.)
Нягледзячы на цяжкую хваробу лёгкіх (сухоты), паэта зноў і зноў арыштоўвалі і адпраўлялі ў новыя высылкі. У 1928 г. ён трапіў у Сімферопаль, адтуль у Казахстан (1929), Курск (1932), Варонеж (1934) і Ташкент (1934). Паўсюль былі праблемы з грашыма, працаўладкаваннем, жытлом... Падчас сталінскага тэрору Анатоль Кансэ быў расстраляны - на мяжы 1937 і 1938 гг. Рэабілітаваны ў 1994 г.
Сёння, апроч некалькіх даследчыкаў, ягонае імя і творчасць амаль нікому невядомыя.
Увесь свой жыццёвы шлях Анатоль заставаўся верным лібертарным ідэалам, падтрымліваў кантакты з анархістамі ў Савецкай Расеі, перапісваўся з замежнымі таварышамі. М. інш. сябраваў з Іванам Чорным (Лук'янюком), даволі актыўным дзеячам у Дэтройце, які памёр ажно ў 1976 г. Менавіта яму падпісана брашура вершаў "Чёрные зовы".
Post #615
83
- 👍 7
- ❤ 3
- 🔥 3