параход
падыхаючы ад стомленасці несусветнай
вакол безсэнсоўнае саракадвухгоддзе
пустэча плыву ў бездань на параходзе
наперад капітан Ніхто баразні паветра!
прасторы ненапоўненыя
мудрымі думкамі інтэлектуалаў
сэнсы ненароджаныя
пад маскамі мінулагадовых карнавалаў
дзеці не сапсаваныя
як йогурты пад неапальскім сонцам
будучыня раскрадзеная
гандлярамі мар і дызайнерамі ўтопій
усмешкі хітрасплеценыя
пробліскамі недасканалай памяці
памылкі назапасеныя
якіх хопіць каб палічыць усіх буржуа на саміце
ізноў россыпі розвальні росстані
надзеі кульгаюць пранізаныя стрэмкамі вострымі
юнацтва пад сялянскімі косамі
дзяцінства маніць трагічнымі лёсамі
радзімы дзевяноста чацьвёртага
сяброў снежня васемнаццатага
здрады - пастаяннай спадарожніцы
пераможцы міфаў аб вечным каханні
ды былых таварышаў мяняючых ідэі
як халаты ў спа-комплексах ды шпіталях
абрыдлі адвечныя пошукі развагі імкненні
глыбокія рады як заставацца на плыву
пхаюць выжэй на нейкія навуковыя ступені
але параход чамусьці ідзе праз Калыму
колькі можна несці цяжар ідэйнасці
дзе твае рэвалюцыі
дзе перамогі справядлівасці
дзе твае таленты запрошаныя на банкет у стакгольмскую ратушу
дзе рахункі ў банках ды крутыя колы як на Turbo укладышах
азірніся
што засталося на шляху пройдзеным
мізэрнасць апранутая ў мегаламанскія вопраткі
празрыстасць крызісу сярэдняга ўзросту
пакуль іншыя краналіся космасу
ты на сваім параходзе кіраваўся ў прорву
паўсюль мноства бруду і ты думаў
дзе падзелася швабра
але параход даплыў і ты пабачыў
шалёныя вочы памерлага сябра
5 ліпеня 2026 г.
Post #603
121
- 👍 2
- ❤🔥 1
- ❤ 1
- 🔥 1
- 💊 1