TGViewer
Вершы нікому не патрэбныя Вершы нікому не патрэбныя @sashanefer · 126 subscribers
Post #378 151
Біпалярачка – страшная хвароба. Калі ты пачуваешся добра, то пачынаеш адстаўляць на бок лекарствы, трошкі выпіваць, думаеш, што ўсё добра і пакрысе губляеш сувязь з рэальнасцю. Крок за крокам кіруешся ў бездань. А мусарская рэчаіснасць ды шэрыя беларускія восені не спрыяюць пазітыўнаму стану здароўя ды ментальнай роўнавазе. Тым больш у чалавека з тонкай душой.

Паша быў ідэйным анархістам і сумленным таварышам. З ім заўсёды было прыемна ўдзельнічаць у акцыях. У пэўным сэнсе ён быў для мяне прыкладам. Ён першы пачаў дзейнічаць больш адважна, натхняючы і мяне. Не раз меў прыгоды з мянтамі. Некалькі разоў мы разам з ім траплялі ў непрыемныя сітуацыі, але гэта застаўлю на іншыя аповяды.

Некалькі гадоў запар у нас была традыцыя хадзіць на старую чыгунку і 1 верасня сустракаць світанак на ўскраінах нашага района Дзевятоўкі. Сёння гэта ўжо не ўскраіны, ды і чыгункі той няма. І Паўліка няма.   
    
Апошні перыяд жыцця ён жыў у Варшаве, у тым ліку на сквотах, мы сустракаліся, тусілі. На жаль, ён звязаўся з жанчынай, у якой таксама былі ментальныя праблемы. Гэта была ускосная прычына ягонага чарговага зрыву. За некалькі дзён да Новага 2018 Года ён прайграў вайну са сваёй хваробай...

Ці можа ўсё ж такі выйграў? Бо стаміўся ад гэтага дурнавата-несправядлівага свету і вырашыў урэшце паставіць кропку і завяршыць сваё шматпакутнае жыццё. Пашка скочыў пад цянгік у варшаўскім метро, аб чым мы даведаліся толькі праз некалькі дзён, хіба 2 студзеня. Мы заняліся фармальнасцямі, каб праз консульства цела даставіць у Горадню. Ну як мы, мая таварышка жыцця, бо я быў у татальным чорным і халодным космасе... Пазней было пахаванне ў Горадне.  

Парадаксальна, але сваёй смерцю ён даў новае жыццё мне. Уз’яднаў мяне з адным дарагім мне чалавекам. Неўзабаве я стаў бацькам. Калі б нарадзіўся хлопчык, то быў бы Паўлам.

Такія людзі як Крыштоп – частка мяне. Калі лепшы сябар кранаецца вечнасці, свет назаўсёды мяняе сваё аблічча. Адразу пасля смерці Пашы я кінуўся быў пісаць некролаг у часопіс „Inny Świat”, але не змог сабрацца з думкамі, ні слова не выдавіў з сябе. І толькі праз некалькі месяцаў, сакавіцкім ранкам, я выкрычаў гэты верш. Гэтыя радкі я часта паўтараю сам сабе, сярод штодзённай самотнасці і мітусні. 
Мне вельмі не хапае майго сябра...
 
  • 💔 7
  • 😢 4
More from @sashanefer
  1. Oct 10, 2026Паўдзельнічаў
  2. Oct 10, 2026Зачапіў нейкую газетку, а мітынг пайшоў дэманстрацыяй па сэрцу Нью-Ёрка.
  3. Oct 10, 2026Ізноўку прыпадкова трапіў на мітынг у цэнтры Манхэтана. Хіба той самы, пра які ўчора бачыў…
  4. Oct 10, 2026У апошні дзень заскачыў яшчэ ў NYPL адсканіраваць 2 кнігі. І што атрымалася? Жыў у каталіц…
  5. Oct 10, 2026photo post
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →