Нацыянальны дыялог як інструмент кіраванага пераходу
«Паспяховы транзіт патрабуе адначасовай наяўнасці 4 базавых умоў: моцнага суб'екта, прагматыкаў, змены знешніх фактараў і прававой рамкі, якую нам яшчэ трэба распрацаваць», — адзначыў намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан падчас прэзентацыі аналітычнага даклада «Параўнальны аналіз нацыянальных дыялогаў у Германіі, Польшчы і Іспаніі як магчымых мадэляў выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі» ў межах канферэнцыі «Новая Беларусь».
https://youtu.be/Nkk2tbcDGXY
У дакладзе разглядаліся прыклады нацыянальных дыялогаў — фарматаў, у межах якіх розныя палітычныя і грамадскія сілы змаглі пераадолець палітычны крызіс, дамовіцца пра правядзенне рэформаў і аднавіць грамадскую згоду.
Арцём Брухан адзначыў, што былі прааналізаваны 3 падыходы нацыянальных дыялогаў у трох краінах: у Германіі, Іспаніі і Польшчы.
«Аналізуючы гэта, мы сыходзілі з базавага тэзісу, што ў нас пасля 2020 года 6 гадоў палітычны крызіс працягваецца. Маштаб рэпрэсій не зніжаецца, а нават павялічваецца. І, канешне ж, гэты палітычны крызіс вядзе да фактычна экзістэнцыйных пагроз для Беларусі — падрывае дзяржаўнасць, суверэнітэт, эканамічнае развіццё і міжнародную суб'ектнасць краіны».
Падчас аналізу быў адзначаны наступны баланс сіл ключавых стэйкхолдэраў:
— Рэжым Лукашэнкі захоўвае жорсткі кантроль над дзяржаўным апаратам, сілавымі структурамі, кіруе працэсам прыняцця рашэнняў, але знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі і пазбаўлены на дадзены момант шырокай грамадскай легітымнасці.
— Дэмакратычныя сілы інстытуцыяналізаваныя, маюць міжнароднае прызнанне, працягваюць дзейнічаць у медыяпрасторы і за мяжой.
— Знешні фактар — узмацненне крытычнай залежнасці Беларусі ад Расійскай Федэрацыі.
«Мы паглядзелі на рызыкі гэтага няўстойлівага статусу-кво. Могуць адбыцца розныя зломы, і пры адсутнасці загадзя падрыхтаванага суб'екта, выразнай прававой працэдуры кіравальнасці, аслабленне дзейнага рэжыму можа прывесці не да працэсу дэмакратызацыі, а да фактычнага хаосу ці знешняга кіравання Беларуссю. Мэтай даследавання было распрацаваць рамку кіраванага пераходу, якая мела б вырашыць першапачатковыя пытанні.
Мы вызначылі нацыянальны дыялог як інструмент пераходу. Гэта перамоўны працэс паміж прадстаўнікамі дзейнай сістэмы, дэмакратычнымі сіламі і ключавымі грамадскімі групамі. Сутнасць працэсу — гэта ўзгадненне, дамова, спыненне супрацьпастаяння і фармаванне надзейнага прававога маршруту, які дасць магчымасць умацаваць незалежнасць Беларусі, вырашыўшы ўнутрапалітычны крызіс. Прадмет перамоў — гэта захаванне дзеяздольнасці дзяржаўнага апарату, стабілізацыя эканомікі і выразныя межы адказнасці мінулай сістэмы».
Арцём Брухан адзначыў, што, прааналізаваўшы тры гістарычныя кейсы, былі пабачаны чатыры рэчы, якія іх усіх аб’ядноўваюць:
— кансалідаваны суб'ект з боку апазіцыі ці дэмакратычнага руху;
— прагматычнае крыло ўнутры сістэмы:
«Калі мы будзем казаць пра масавыя люстрацыі, вешанне на слупах, знішчэнне, звальненне ўсіх, гэтае прагматычнае крыло ніколі не набярэ моц, яно будзе маргіналізавана. Таму, каб прагматычнае крыло набірала моц, трэба таксама дэманстраваць канструктыўнасць у дачыненні менавіта да гэтых прагматыкаў»;
— знешнія ўмовы;
— прававая рамка:
«Гэта фармаванне прававой асновы, якая гарантуе бесперапыннасць дзяржавы і легітымацыю будучай улады».
Post #3240
287