TGViewer
Channel Public Channel
Мова Дэталёва

Мова Дэталёва

@movananova

Бясплатнае анлайн-вывучэнне беларускай мовы
Subscribers
554
Photos
154
Videos
13
Links
128

Showing posts older than #349 · Back to latest

Older Posts 20 shown
Post #348 1.31K
#гісторыямовы

8 лістапада 1883 г. у засценку Калеснікаў Дзісенскага павета Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) нарадзіўся беларускі дзяяч і філолаг Вацлаў Ластоўскі.

Адна з самых вядомых прац, якую літаратуразнаўца пакінуў пасля сябе - гэта «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (1924).

Канцэпцыю слоўніка Ластоўскі выклаў у сваёй прадмове. Ён пісаў: “Мова перапоўненая чужаземскімі словамі зьяўляецца ізолятарам культуры ад народных масаў. … Адраджоная наша мова павінна стацца дабрым правадніком культуры, а гэткай яна зможа быць толькі тады, калі ў ёй будзе найменш чужых слоў…” Як бачна, аўтар стаіць на надзвычай пурыстычных пазіцыях, заклікаючы да ачышчэння мовы ад няродных элементаў, якія патрапілі ў беларускую мову цягам яе гісторыі. Больш за тое, Ластоўскі нават прапануе адмаўляцца ад словаў, падобных па гучанні да словаў суседскіх моваў, абіраючы варыянты, адрозныя ад іх. Менавіна тады, на ягоную думку, найбольш поўна выявіцца яе індывідуальны характар. Ён сцвярджае, што гэта атрымаецца, “… калі патрапіць абараніцца ад асімілюючага ўплыву суседніх грамадных народаў: Расійцаў, Палякаў, Украінцаў. Дзеля гэтага трэба памятаць, што кождае чужое слова занесенае ў мову, асымілюе, зьлівае мову з суседскай, забівае яе асобны характар, а таму трэба, асабліва пішучы, высьцярагацца ўжываць сходныя з суседзкімі словамі, хоць-бы яны і былі ў мове, а браць такія, якіх няма ў чужынцаў, але істнуюць ў здаровай нашай народнай стыхіі”. Ластоўскі адзначаў, што наша мова перажыла некалькі хваляў скажэнняў, уключыўшы ў сябе царкоўнаславянскія, нямецкія, чэшскія, лацінскія, татарскія і іншыя чужародныя элементы, якія паступова змянялі першапачатковую “крыўскую” мову. І асабліва ён вылучаў польскі і рускі ўплыў, якія пагражаюць самому існаванню нашай мовы.

Хоць Ластоўскі і піша ў сваёй прадмове, што словы браў з народных гаворак і кніг, але не пазначаў, адкуль гэтыя словы ўзятыя, навукоўцы сцвярджаюць, што вялікая іх частка – т.зв. паветалізмы, або рэгіяналізмы, а значную колькасць аўтар папросту стварыў сам. Так Сяргей Запрудскі прыводзіць прапанаваныя Ластоўскім да слова полоумность эквіваленты некумнасьць, некмень, якія лічыць фальшывымі. Яшчэ цікавыя пераклады: желатина – клейчык, собутыльник – спабутэльнік, запор – зацьвердзь, поругание — палайка.

Віцэ-прэзідэнт Беларускай Акадэміі Навук Сцяпан Некрашэвіч выступіў з жорсткай крытыкай слоўніка. Ён пісаў, што “аўтар слоўніка робіць з беларускай мовай такія мудраванні, такія опэрацыі, што ў рэзультаце атрымліваецца нешта новае, мала падобнае на беларускую мову… Аўтар не ачышчае беларускую мову, а наадварот яе знявечвае, засурвае, утвараючы нешта падобнае да валапюка або эсператна з беларускай асновай”. Крытыкаваў слоўнік таксама і Ян Станкевіч, які пісаў, што Ластоўскі не здолеў аддзяліць зерне ад мякіны і толькі папсаваў багаты матэрыял, мяшаючы прыродныя беларускія словы з уласнымі наватворамі. Аднак пры гэтым Станкевіч падкрэсліваў і руплівасць Вацлава Ластоўскага пра родную мову, зазначаючы, што каб іншыя так бы пра яе рупіліся, то беларускай мове не пагражала б вялікая небяспека.

Сучасныя даследчыкі крыху інакш успрымаюць слоўнік. Як напісала пра “Расійска-крыўскі слоўнік” даследчыца лексікаграфічнай працы Ластоўскага Алена Ніякоўская: “Слоўнік – гэта суцэльны твор, цікавы, дынамічны, арганізаваны вакол адзінай ідэі – нацыянальнай”. Юрась Пацюпа заклікае ўспрымаць яго як літаратурны твор і як важную крыніцу пазнання беларускай мовы і творчасці самога аўтара. Прычым Пацюпа сцвярджае, што некаторыя з тых словаў, якія лічыліся экзатычнымі наватворамі Ластоўскага, пазней пацвярджаліся тэкстамі, аўтары якіх паходзілі з тых самых мясцінаў, што і Ластоўскі.
Post #347 1.24K
#відэа

Хто ссумаваўся па Купалаўскім тэатры? Не тужыце!
Некаторыя добра вядомыя п'есы з любімымі акторамі можна глядзець і ў запісах - напрыклад, гэтую пастаноўку "Сымона-музыкі". Ці быў хто з вас на гэтым спектаклі, калі яго яшчэ паказвалі на сцэне?

https://www.youtube.com/watch?time_continue=6790&v=lwBQrpNr_qk&feature=emb_logo
Post #346 1.65K
#граматыка

Адказ на сённяшняе граматычнае заданне: няправільная форма - мацяроў.

А можна ўжываць тры наступныя формы: маці, мацярэй, мацярок.

Правільна будзе так: Хай у нашых жанчын, хай у нашых дачок рукі будуць такія, як рукі маці / мацярэй / мацярок.
Telegram Мова Нанова Праверым, ці ўважліва чыталі вы сённяшні допіс пра ўтварэнне формаў ад словаў "маці" і "дзяўчына". Які варыянт няправільны (адзін)? Хай у нашых жанчын, хай у нашых дачок рукі будуць такія, як рукі... Маці - 88 👍👍👍👍👍👍👍👍 58% Мацярэй - 11 👍👍 7% Мацяроў - 30…
Post #345 1.64K
Праверым, ці ўважліва чыталі вы сённяшні допіс пра ўтварэнне формаў ад словаў "маці" і "дзяўчына". Які варыянт няправільны (адзін)?

Хай у нашых жанчын, хай у нашых дачок рукі будуць такія, як рукі...

Маці - 157
👍👍👍👍👍👍👍👍 56%
Мацярэй - 20
👍👍 7%
Мацяроў - 65
👍👍👍👍 23%
Мацярок - 40
👍👍👍 14%
👥 282 человека уже проголосовало.
Post #344 1.66K
#граматыка

Як правільна ўтвараюцца склонавыя формы ад назоўнікаў маці і дзяўчына?

Слова маці ў сучаснай мове часцей за ўсё мае толькі адну форму і ў адзіночным, і ў множным ліку, якая супадае з формай назоўнага склону: назоўны склон – маці, родны склон — няма маці давальны склон — даць маці, , вінавальны склон — бачыць маці, творны склон – размаўляць з маці, месны склон – пры маці. Аднак гэта слова мае яшчэ і іншыя варыянты склонавых формаў, калі ў адзіночным і множным ліку да кораня далучаецца фармант –ер: Р.с. без мацеры, Д.с. даць мацеры, Т.с з мацерай і М.с. пры мацеры. Выключэннем з’яўляецца толькі форма вінавальнага склону адзіночнага ліку, дзе гэта –ер не дадаецца, і мы маем маці, як і ў назоўным склоне. У множным ліку з пашырэннем –ер ужываюцца наступныя формы: нашы мацеры, няма мацярэй, даць мацярам, бачыць мацярэй, з мацярамі і пры мацярах.

Існуе таксама форма мацяркі́ або ма́церкі, якая ўжываецца выключна ў множным ліку: Н.с. мацяркі/ ма́церкі , Р. і В. с. мацярок / мацерак, Д.с. мацярка́м/ мацеркам, Т.с. мацярка́мі / мацеркамі, М.с. пры мацярка́х / мацерках.

Звярніце ўвагу на тое, што падобныя формы ў множным ліку ўтварае і назоўнік жанчына: жанкі́ ( і жанчыны), жанок (і жанчын), жанкам (і жанчынам), з жанкамі (і жанчынамі), пры жанка́х (і пры жанчынах). Не варта блытаць іх з назоўнікам жонка! Дарэчы, такія формы часцей за ўсё ўжываюцца менавіта ў гутарковай мове.

Слова дзяўчына ў адзіночным ліку скланяецца на ўзор назоўнікаў другога скланення з цвёрдай асновай: дзяўчыны, дзяўчыну, дзяўчыне, дзяўчынай, пры дзяўчыне. У множным жа ліку мае форму дзяўчаты: Р. і В. с. дзяўчат, Д.с. дзяўчатам, Т.с. дзяўчатамі, М.с. пры дзяўчатах. Але з лічэбнікамі адзін, две, абедзве, тры, чатыры будзем ужываць толькі форму дзяўчыны: Н.с. тры дзяўчыны, Р. і В. с. трох дзяўчын, Д.с. тром дзяўчынам, Т.с. трыма дзяўчынамі, М.с. пры трох дзяўчынах. Такім чынам, скажам сабарлося шмат дзяўчат, распранальня для дзяўчат, але Да мяне падышлі дзве дзяўчыны.
Post #343 2.8K
#відэа

Да Дня памяці рэпрэсаваных...

Гэтаму фільму – 20 гадоў. На пачатку 1990-х фільм “Дарога на Курапаты” дэманстравалі па ўсім Савецкім Саюзе, але яго ніколі не паказвала беларускае тэлебачанне. Героі фільма – сведкі масавых забойстваў ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, дзе ў 30-я гады супрацоўнікі НКВД расстралялі сотні тысячаў грамадзянаў Беларусі. Інтэрв’ю следчых, рэчавыя доказы, меркаванні нашых сучаснікаў пра рэпрэсіі…

https://www.youtube.com/watch?v=YEitIPD_bpI&feature=emb_logo
Post #341 1.58K
#цікаваеслова

Лі́шак (тое, што перавышае нейкую норму; празмернае)

Прыклад: Лішак ураджаю бульбы прадавалі на кірмашы.
Post #340 2.36K
#граматыка

Даўненька мы не публікавалі допісаў пра граматыку, і дарма - пісаць па-беларуску пісьменна хочацца кожнаму, ці не так?

Таму пакуль ідзе апошні працоўны дзень на гэтым тыдні, і вы яшчэ не сыйшлі на выходныя - самы час паўтарыць даўно забытыя са школы правілы.

Н ці НН?

Вядома, што ў беларускай мове праблема правапісу н і нн перадусім звязаная з такімі з’явамі, як падаўжэнне (фанетычная) і падваенне (марфалагічная), а таксама з паходжаннем слова: уласнабеларускім або іншамоўным. Аднак памылкі ў напісанні колькасці н часта залежаць нават не ад вышэй пералічаных рэчаў, а ад уплыву рускай мовы, у якой правіла правапісу н і нн значна больш складанае і разгалінаванае.

Пішуцца з НН:

1. Уласнабеларускія словы з падаўжэннем (адбываецца паміж галоснымі гукамі): насенне, убранне, растанне, трымценне, адценне.
2. Прыметнікі з суфіксамі -энн- (-енн-), якія маюць павелічальнае ці якасна-адноснае значэнне: страшэнны, здаравенны, высачэнны, свяшчэнны, клятвенны.
3. У прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -мя: іме́нны (ад імя), семянны (ад семя), цемянны (ад цемя). Выключэнне: палымяны (ад полымя).
4. Словы, у якіх утваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з н: вінны (віно + -н-), маліннік (маліна + -нік), каменны (камень + -н-), бяссонны (сон + -н-). Выключэнні: ле́ны (ад лень + -н-, дзе адбылося сцягненне каранёвага і суфіксальнага н), свіны. У апошнім слове назіраецца такая цікавая з’ява, як гаплалогія, то бок, выпадзенне аднолькавых ці падобных складоў: не свініны, якое павінна даваць свіння + -ін- (параўнай, напрыклад, каза + -ін- = казіны, воўк + -ін- = ваўчыны), а свіны!
5. Прыметнікі слынны, старанны, гасцінны (ад гасціна ‘прыём гасцей, частаванне’). Не блытаць з гасціны (ад госць), гасціная – ‘пакой для гасцей’.
6. Запазычаныя прыметнікі экстранны, спантанны, якія трэба запомніць.
 
Пішуцца з Н:

1. Словы іншамоўнага паходжання, уключна з уласнымі імёнамі і геаграфічнымі назвамі: анатацыя, анексія, ануляваць, тэніс, фін, Аніка, Ганібал, Каны. Выключэнні: панна, мадонна, донна, манна, ванна, саванна, Ганна, Сюзанна і інш.
2. Усе дзеепрыметнікі (звярніце ўвагу, што ў нашай мове ў дзеепрыметніках ніколі не пішацца нн): выкуплены, падрыхтаваны, прыменены, пачышчаны, заклеены, прыбраны.
3. Словы, што не маюць на стыку ўтваральнай марфемы і суфікса збегу двух н: улюбёны (любіць + -ён-), пудраніца (пудра + -аніц-), шкляны (шкло + -ян-), званіца (звон + -іц-).
 
Ажыннік (ад назоўніка ажына + -нік-), але тарфянік (ад прыметніка тарфяны + -ік)
 
Штохвілінны кантроль (які? прыметнік) Кантроль штохвіліны (як? прыслоўе)
 
Гасцінны (чалавек), але гасціны (пакой)
Post #339 2.1K
#цікаваеслова

ЦЯПЕ́ЛЬЦА (невялікае вогнішча)

Прыклад: На агні вясёлага цяпельца падарожнікі падсмажылі сала з хлебам і сагрэлі вады.
Post #338 2.98K
#прымаўкі

КАСТРЫЧНІК

У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.
Кастрычнік ходзіць па краю і гоніць птушак з гаю.
Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць.
Кастрычнік зямлю беліць, а лес дык залоціць.
Post #337 3.42K
#цікаваеслова

КА́РАК (задняя частка шыі)

Прыклад: За такі нядобры ўчынак можна было атрымаць па карку ад дзеда, які ўсё бачыў.
Post #336 4.62K
#кіно

Для халоднай дажджыстай суботы - фільм "Восень у Нью-Ёрку". Па-беларуску!

Пра фільм: Уіл Кін, уладальнік моднага нью-ёркскага рэстарану, лавелас і майстар мімалётных інтрыжак, пасля знаёмства з Шарлот Філдынг нечакана бянтэжыцца. Шарлот удвая маладзейшая за яго, яна прагне адчуць усю красу «дарослага жыцця», і на гэта мае важкая прычыны. Уіл дазваляе сабе завязаць адносіны з Шарлот, палічыўшы, што гэта будзе яшчэ адна кароткая сувязь, якая яго ні да чога не абавязвае. Аднак ягоныя ўяўленні пра жанчын будуць разбураны, бо сапраўднае каханне мяняе ўсё.

https://www.movananova.by/medyateka/vosen-u-nyu-yorku.html
Post #335 3.22K
#граматыка

Выкарыстанне “аб” і “пра”

Прыназоўнік “аб” актыўна ўжываецца ў афіцыйнай сферы, у назвах дакументаў, законаў, указаў, дэкрэтаў, пастаноў, інструкцый. Напрыклад: закон аб мовах, кодэкс аб адукацыі і г.д.

Але ёсць і яшчэ адзін прыназоўнік, які мае значэнне “аб” – пра. У сапраўднасці асноўны ў гэтай пары прыназоўнік “пра”.

Некалькі прыкладаў з літаратуры: з рамана У. Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”:

“Розныя дурныя чуткі ходзяць пра яе, пра злачынства, пра той закрыты працэс, на якім я нібыта быў ці то падсудным, ці то сведкам.”

Альбо назвы вершаў Аркадзя Куляшова: “Пра восень”, “Пра вечнае пяро”, “Пра марс”.

Такім чынам, ужыванне “аб” абмежавана афіцыйнай сферай.

Калі назоўнік ці прыметнік пачынаецца са складоў пра, про, пры, спра, то перад імі пажадана выкарыстоўваць прыназоўнік “аб”, каб пазбегнуць аднастайнага паўтарэння тых самых гукаў (аб прыемных успамінах, аб справах).

У творчасці беларускіх класікаў таксама сустракаюцца прыназоўнікі “аб”. Напрыклад, у Янкі Купалы:

З паэмы “Магіла Льва”: “Пытаць аб гэтым трэба ночку і за акном вішнёвы сад”, з твору “Яна і я”: “Сядзь на пачэсны кут, мая багіня, і будзем думы думаць аб сабе”.
Post #334 1.93K
#цікаваеслова

ПА́СТКА (прыстасаванне для лоўлі звяроў і птушак; безвыходнае становішча)

Прыклад: Хітрыя мышы абыходзілі пастку і працягвалі шкодзіць у хаце.
Post #333 3.83K
#тэорыямовы

Сёння - гадавіна сумнавядомай моўнай рэформы, зафіксаванай пастановай СНК БССР ад 26 жніўня 1933 г. «Пра змены і спрашчэнне беларускага правапісу». Фактычна ў выніку рэформы беларускі правапіс падзяліўся на "наркамаўку" (афіцыйны правапіс) ды "тарашкевіцу" (класічны правапіс, які дзейнічаў да гэтых зменаў).

Чым жа канкрэтна розняцца гэтыя два правапісы - "наркамаўка" і "тарашкевіца"?

Некаторыя адрозненні вы бачыце на малюнку, а поўны разбор глядзіце тут: https://www.movananova.by/zaniatki/gistoryya-movy-tarashkevica-vs-narkamauka.html
Post #331 2.83K
#граматыка

Не самая займальная, але важная тэма, для тых, хто хоча правільна гаварыць і пісаць па-беларуску.

Колькасна-іменныя спалучэнні

Пад колькасна-іменнымі спалучэннямі маюцца на ўвазе спалучэнні колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі, прыметнікамі і займеннікамі. Калі ў такім спалучэнні ўжываецца лічэбнік адзін, то ён дапасуецца да назоўніка ва ўсіх катэгорыях: адзін сталы чалавек, адна маладая дзяўчына, адно пабітае акно. Такім самым чынам паводзяць сябе і лічэбнікі два, абодва, дзве, абедзве, тры, чатыры. Трэба памятаць, што пры іх у назоўным і вінавальным склоне назоўнікі маюць форму назоўнага склону множнага ліку, то бок адказваюць на пытанні хто? што?: два сталы, абодва браты, дзве кнігі, абедзве сяброўкі, тры дні, чатыры месяцы. Гэта важны момант, бо памылкі ва ўжыванні дадзеных канструкцый абумоўленыя ўплывам рускай мовы, дзе пасля ўзгаданых лічэбнікаў ужываюцца назоўнікі ў родным склоне адзіночным ліку, напрыклад, два стола, три дома, а не два сталы, тры дамы, як у нас. Гэта правіла таксама распаўсюджваецца на складаныя назоўнікі, таму правільна трэба казаць: дваццаць два дамы, трыццаць тры сталы. Пры ўсіх астатніх лічэбніках — пяць, шэсць, адзінаццаць, дваццаць восем і г.д. — назоўнік будзе стаяць у форме роднага склону множнага ліку: пяць сталоў, шэсць дамоў, дваццаць восем хлопчыкаў.Калі ў колкасна-іменным спалучэнні да назоўніка адносіцца прыметнік, дзеепрыметнік, парадкавы лічэбнік або займеннік, то ён будзе ставіцца ў той самай форме, што і сам назоўнік: тры дубовыя сталы, абедзве вясёлыя сяброўкі, два твае сыны, чатыры непадрыхтаваныя тэмы, шэсць зімовых дзён. Нават у тым выпадку, калі азначэнні стаяць перад лічэбнікам, яны захоўваць тую самую форму: дубовыя тры сталы, твае два сыны. Выключэнне складаюць толькі спалучэнні, якія паказваюць недакладны лік або маюць узмацняльнае значэнне. У іх азначэнне можа выступаць у форме роднага склону: праз якіх-небудзь два дні, цэлых тры гадзіны! Калі ж колькасна-іменнае спалучэнне выражае дакладны лік, азначэнне пры ім, як правіла, ужываецца ў форме назоўнага склону: у свае васемнаццаць год, доўгія сем дзён.

Што тычыцца дробавых лічэбнікаў, то яны паводзяць сябе аналагічным чынам. Калі ў якасці лічніка (першай часткі дробавага лічэбніка) выступаюць словы два, тры, чатыры, то другая частка (назоўнік) будзе стаяць у форме назоўнага склону множнага ліку: дзве трэція, чатыры сёмыя. Калі ж першае слова – лічэбнік ад пяці і вышэй, то другое будзе стаяць у форме роднага склону множнага ліку: пяць шостых, восем дзявятых.

Звярніце ўвагу, што дробавы лічэбнік паўтара ўжываецца пры назоўніках мужчынскага і ніякага роду, паўтары – пры назоўніках жаночага роду: паўтара кілаграма, паўтара вядра, паўтары гадзіны. Лічэбнікі паўтара і паўтары не змяняюцца і ва ўсіх склонах маюць адну форму. Назоўнікі пры іх у назоўным і вінавальным склонах маюць форму роднага склону адзіночнага ліку: паўтара дня, паўтары хвіліны.
Post #330 2.79K
#цікавінкі

Мова выданняў Скарыны

Скарынаўскі пераклад Бібліі быў адным з першых аўтарскіх перакладаў у Еўропе і служыў нацыятворчым мэтам.

На якую ж мову быў зроблены пераклад? Сам Скарына называў яе рускай. Пад рускай у той перыяд, як лічаць навукоўцы, мелася на ўвазе тагачасная афіцыйная мова Вялікага Княства Літоўскага. Аднак, калі прааналізаваць тэксты Скарыны, бачым, што тут не ўсё так адназначна, бо сама мова ў залежнасці ад тэкстаў у вельмі значнай ступені адрозніваецца. Калі ўзяць, напрыклад, “Псалтыр”, “Апостал” і “Малую падарожную кніжыцу”, то яны напісаныя на царкоўнаславянскай мове з асобнымі беларускімі ўкрапваннямі. Тыя словы, што Скарына лічыць для беларусаў не зразумелымі, ён суправаджае тлумачэннямі на палях кнігі (глосы): кивот- скриня, нигер – чорный, языцы – народы. А вось у кнігах, дзе літаратурна-мастацкі кампанент больш выразны, напрыклад, ”Песнь песней”, “Юдифь”, “Плач Иеремии”, ён набліжае мову да жывой народнай гаворкі. Больш за ўсё Скарына звяртаецца да жывой беларускай гаворкі ва ўласных тэкстах: вершах, створаных да асобных кніг Бібліі, прадмовах і пасляслоўях. Праўда, часта ў гэтых творах — цытаты з Бібліі, ніяк графічна не аддзеленыя ад тэксту самога аўтара, таму ў моўным плане тэксты выглядаюць неаднароднымі.


Дык як усё ж такі сёння называць мову перакладаў Скарыны? Ніхто, безумоўна, ужо не назаве яе руска-літоўскай або польска-рускай, як у ХІХ ст. Аднак ці гэта царкоўнаславянская з элементамі старабеларускай мовы, ці старабеларуская з царкоўнаславянсімі элементамі, сярод навукоўцаў, як замежных, так і айчынных, таксама няма адзінай думкі. Згодна з апошняй найбольш папулярнай пазіцыяй, у сваёй большасці мову аўтарскіх перакладаў Скарыны можна лічыць старабеларускай з элементамі царкоўнаславянскай. “Скарына кантамінаваў, спалучаў у сваім перакладзе дзве традыцыі, выпрацоўваў сваю перакладчыцкую тэхніку і сам, падкрэсліваю, сам назваў мову свайго перакладу, сваю Біблію для таго часу рускай, а сёння мы гэта называем старабеларускай,” – піша даследчыца, спецыяліст у галіне гісторыі беларускай рэлігійнай тэрміналогіі Ірына Будзько. А філолаг і перакладчык Лявон Баршчэўскі заяўляе: “Калі выдаліць з тэксатаў Скарыны царкоўнаславянізмы , — гэта мова, на якой гаварыў мой бацька і мая бабуля з Полацка”.


Асаблівасці мовы Скарыны:
Правапіс базуецца на марфалагічным прынцыпе (як у царкоўнаславянскай мове), але ўсё ж, хоць і непаслядоўна, адлюстроўваюцца характэрныя для беларускай мовы гукавыя рысы: пераход у ў ў (паказваўся як в: не втаися, повчение); спрашчэнне груп зычных здн, стн, рдц (ненависными, празъникъ), пераход стараславянскага жд у ж (одежа, осуженъ), рэдукцыю галосных у ненаціскным становішчы (десетъ, двадцетъ, гледели), супадзенне “яць” і е (делати, реку, деда, сена), ацвярдзенне губных (кровъ, седмъ), ацвярдзенне шыпячых (идешъ, женешъ, пришлешъ, шолъ), ацвярдзенне р (стрыщи), змяненне “ёр” у и (шие, ко шии, на шию, бийся, побийте), азванчэнне (з бою, зделали) і г.д.

Далей чытаць тут: https://www.movananova.by/zaniatki/zanyatki-158/teoryya-i-praktyka-movy-mova-vydannyau-skaryny.html
Post #328 2.19K

Forwarded from Мова Нанова Баранавічы

Сябры, запрашаем далучыцца да літаратурнага анлайн-гуртка ў бліжэйшую сераду. Будзем гутарыць пра твор Андруся Горвата "Радзіва "Прудок". Дзённік".

Гэта кніга пра вяртанне да каранёў, да роднай моўнай і культурнай стыхіі і пра тое, як важна не згубіць бабуліны аповеды) Тэмы актуальныя, а сам аповед прасякнуты цеплынёй і гумарам.

Завітваць можна, нават калі твор не чыталі. Спадзяемся, наша абмеркаванне натхніць вас на гэта😊

📌 14 ліпеня ў 19.00
📌 Zoom (каб атрымаць спасылачку, адзначайцеся ў каментарах)
Post #326 2.43K
#мованановавідэа

Нядзеля - час для сямейнага адпачынку. У тым ліку, што сямейных "кіношак")

Прапануем паглядзець дзіцячы серыял "Піпі Доўгаяпанчоха". Гэта сапраўдны скарб - 18 серый працягласцю паўгадзіны кожная, і ўсё на беларускай мове! Прыемнага прагляду!

https://www.youtube.com/watch?v=z8SAGPGAzO8&list=PLRxpQ_0WlIafnEAv8slKg0d12ocFurRPT&index=15
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →