TGViewer
Channel Public Channel
Мова Дэталёва

Мова Дэталёва

@movananova

Бясплатнае анлайн-вывучэнне беларускай мовы
Subscribers
554
Photos
154
Videos
13
Links
128

Showing posts older than #326 · Back to latest

Older Posts 20 shown
Post #325 2.54K

Forwarded from Deleted Account

Сябры, ад сёння пачаўся тыдзень беларускай культуры.
А наш студэнт Кастусь зняў з гэтай нагоды цікавае відэа. Глядзіце і не забывайцеся ставіць падабайкі!
https://www.youtube.com/watch?v=QfM2n3cXe4s&t=166s
YouTube Уявіў, што Францішак Скарына Тыдню беларускай культуры прысвячаю
Post #324 2.44K
#cлоўнік

Сёння ў нас надзвычай летняя тэма - пчолы! Чым калода адрозніваецца ад борці? Што такое "вабік"? Чытайце ніжэй і даведвайцеся новыя беларускія словы.


 Атожылак – рус. отводок

Бортнік (бартнік, барцялаз, зямец, вотчыц) — пчаляр, які займаецца доглядам, аховай пчолаў у борцях (або калодах).

Борць (бартак, барць, бордзь, клешня) - выдзеўбанае ў жывым дрэве гняздо для пчолаў. А таксама дрэва з борцю.

Бортніцтва — традыцыйны лясны промысел, форма пчалярства, якая заснавана на ўтрыманні пчолаў у борцях або калодах.

Брушоўка – працэс запячатвання пчоламі сотаў з мёдам.

Вабік — невялікая калода, вулей (можа быць з саломы або кары) для прываблівання раёў.

Вашчына (вуза, навуза) — парожнія пчаліныя соты.

Вулей - рус. улей

Гняздо – месца ў борці (калодзе), дзе жывуць пчолы.

Джала – рус. жало

Джаліць (джгаць), уджаліць (джгануць)

Дно (под, подак, пята) — ніжняя ўнутраная частка борці або калоды.

Дымар, курач (дымакур, курадым) – прылада для абкурвання пчол. Раней выкарыстоўваўся зубель.

Забрус – крышачкi з воску, якімі пчолы закрываюць соты з мёдам.

Знамя (знак, кляйно) — метка або засечка, якая высякалася на бортных дрэвах.

Калода (вулей, калотка, бучак, даўбяк, доўбанка, ляжак, каранёк, пянёк, стаяк, стаўбун, ляжак) — штучна выдзеўбанае ў камлі дрэва (спілаваным) дупло (борць) той жа кантрукцыі, што і звычайная борць у дрэве.

Камора – унутраная частка борці.

Каморка – адна сота.

Каралева (матка) — пчаліная самка або бортнае дрэва з трыма і болей борцямі.

Ляток (лётва, лётка, вока, вочка) – дзірка для пчол у калодзе і борці.

Медазбор – рус. медосбор

Мёд, мядовы, медавуха

Мёдарэз (рэзічка) – нож для падразання сотаў.

Падкур (поткур, адзёр, адонак, памост, пасцель) – драўляная пляцоўка вакол бортнага дрэва для аховы борці (калоды) ад мядзведзя.

Пчала

Пчаляр – рус. пчеловод

Пчальнік – рус. пасека

Пяршак (пярвак) – рой першага ў сезоне падзелу.

Падглядаць (падбіраць, хаджаць, лекаваць) – збіраць мёд у часы медазбору і пакідаць частку пчолам на зіму.

Перакід, поцяг, чашкі — метады пад’ёму на бортнае дрэва.

Про́паліс і прапо́ліс

Пчолапакет – невялікая пчаліная сям’я, часцей на 4 або 6 рамак, прызначаная на продаж.

Пылок – рус. пыльца

Пярга – пчаліны хлеб.

Тварба (даць закроп, зрабіць прынаду, напырскаць) – апырскванне борці сытою, націранне травамі і зёлкамі для прываблівання пчол у борць.

Труцень

Чмель – рус. шмель

Часткі вулля: дно, гнездавы корпус (гняздо), магазінны корпус (магазін), дах, рамкі, ляток, прылятковая дошка.

Прылады і прыстасаванні для работы з пчоламі і мёдам: медагонка, нож ці відэлец для распячаткі сотаў, стамеска, касцюм, сетка, раёўня, сіта (фільтр) для працэджвання мёду.

Пчолы: ахоўнікі, выхавацелькі, выведнікі, прыбіральніцы, будаўнікі, збіральніцы

Мёд паліфлёрны, манафлёрны, рапсавы, грэчкавы, ліпавы, верасовы, лясны, лугавы, палявы, кветкавы, падзевы.
Post #323 1.91K

Forwarded from Мова Нанова Баранавічы

Сябры, вітаем!
Як і абяцалі, паспрабуем зладзіць гутарковую сустрэчу. Не будзе традыцыйнай моўнай часткі, не будзе адмысловага госця. Гасцямі будуць усе прысутныя)

Гутарыць будзем пра падарожжы, спантанныя і запланаваныя: што яны значаць для нас? якія найбольш запомніліся ці ўразілі? пра што маем памятаць, выпраўляючыся ў чарговы шлях?

Спадзяемся, што атрымаецца і мову папрактыкаваць, і досведам падзяліцца, і натхненне на новыя вандроўкі атрымаць😊

📌 30 чэрвеня ў 19.00
📌 Zoom (каб атрымаць спасылачку, адзначайцеся ў каментарах)
Post #322 2.64K
#слоўнік

Ці садзіце вы агарод? Ці любіце збіраць ягады ды травы ў лесе? Нават калі вашыя дачыненні з раслінамі абмяжоўваюцца пакупкай сезоннай зеляніны на кірмашы - веды пра беларускі расліннны свет лішнімі не будуць! А дапаможа ў гэтым аўтарскі слоўнік, складзены Сяргеем Харэўскім.

У нашай мове, у народных гаворках багата сінонімаў для розных раслінаў, што маюць розную эмацыйна-экспрэсіўную афарбоўку і належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Напрыклад: трыпутнік (рус. подорожник) – прыдарожнік, бабка, серпарэзнік, міжперсніца; лотаць (рус. калужница) – лопух, нюнькі, бабоўнік, жаўтушнік, мядзведжая лапка; гарлачык (рус. кувшинка) – лілея, калітка, булдаўка, вадзяніца, макаўка, гладышыкі, бубенчыкі, куўшынкі; купальнік – буквіца, гарнік, касцян, пералёт; дзядоўнік (рус. репейник) – лопух, лапушнік, рапей, брылі, калюгі, ранік і інш. Як бачым, шмат якія расліны з вялікім, разляпістым лісцем могуць звацца папросту лопухамі. Там можна назваць і лісце дзядоўніку, і водных раслінаў-лотацяў, і нават гарбузоў.


Пад вокнамі хатаў квітнеюць духмяны бэз (рус. сирень), язмін (рус. жасмин), у палісадніках – настуркі (рус. настурция), вяргіні (рус. георгины), півоні (рус. пионы).

Агарод

Ад вясны пачынае пладзіць агарод. Першымі з-пад снегу вылазяць шпарагі (спаржа). Шпарага — з яе карнявішча развіваюцца сцябліны з мноствам тонкіх зялёных галінак; плод – чырвоная ягада памерам з гарошыну. Сёння яе росцяць пад вокнамі хатаў найперш як дэкаратыўную расліну. А былі ж шпарагі звычайнаю закускаю да вінаў на шляхецкіх сталах…

Каштоўная агароднінная культура – сельдэрэй (салера) (рус. сельдерей), чыё лісце выкарыстоўваем у свежым выглядзе, а карняплоды – ва ўсялякім. Яе шануюць і ў нашай народнай медыцыне.

Шпінат (рус. шпинат), што цяпер зноў становіцца папулярнай гароднінай, каляндра (рус. кориандр), чые насенне мы бачым на “барадзінскім” хлебе, а яго зяленіва ў нас цяпер упарта называюць па-турэцку кінзою. Кмен (рус. тмин) ды кроп (рус. укроп), без якіх не абыходзіцца ніводзін гародчык….

У садах нашых ёсць калючыя кусты з любімымі ягадамі – парэчкі (рус. смородина), агрэст (рус. крыжовник) ды ажыны (рус. ежевика).

 
 А пойдзем у поле!

У полі, апроч культурнае збажыны, на пустках ды па лагчынах багата ўсялякіх раслінаў. Там, дзе колісь быў пажар, ці проста палілі вогнішчы, палымнеюць ружовымі кветкамі выскія сцяблюкі скрыпеню (рус. иван-чай). Паўсюдна ў нашых палях сустрэнем розных відаў рамонкі (рус. ромашки) ды валошкі, якіх таксама завуць і васількамі. Красуе ўсё лета канюшына (рус. клевер), з якое самае каштоўнае сена. Аж настолькі каштоўнае, што канюшынка патрапіла нават на цяперашні герб Рэспублікі Беларусь. Тамсама, у палях, расце і лубін (рус. люпин), розныя гатункі якога сеюць на сілас і яны паўсюдна патрапілі ў дзікую прыроду. Пры дарозе ўбачым тут лекавыя зёлкі — горкі палын (рус. полынь), пяць відаў трыпутніку (рус. подорожник), чыё лісце гоіць раны, сіняквет (рус. синяк), якім лечаць укусы змеяў, падбел (рус. мать-и-мачеха) з жоўценькімі кветачкамі, падобнымі да дзьмухаўцоў (рус. одуванчик), якіх у нас поўна і ў горадзе. Па пустках безліч розных раслінаў — дурнап’ян (рус. дурман), зоркаўка (рус. звездчатка), свінакроп (рус. торица), зяльборнік (рус. ширица голубоватая), падбурачнік (рус. амарант), залозніца (рус. норичник), на сухіх мясцінах — дужыя сцеблюкі дзіванны (рус. коровяк).

Далей чытаць тут: https://www.movananova.by/zaniatki/slounik-raslinny-svet.html
Post #321 1.9K
#тэорыямовы

Чым адрозніваецца занятак ад заняткаў, а ўпрыгожанне ад упрыгожвання?

Занятак - гэта, безумоўна, мнагазначнае слова, некаторыя значэнні якога залежаць ад ліку. Калі мы ўжываем слова ў адзіночным ліку, то маем на ўвазе дзейнасць, якой нехта заняты, яго ці яе справы або працу. Капаць зямлю, пісаць ліст, будаваць дом - гэта занятак. Памятаеце, з дзіцячага вершыка “Вясёлы цягнік” Рыгора Барадуліна:

 І ў ціхіх качанятак

Цікавы быў занятак:

Нырца даваць

у ямы

ля мамы.

 Як бачым, занятак могуць мець не толькі людзі, але і іншыя жывыя істоты. Аднакаранёвы прыметнік да слова занятак – заня́ты, то бок той, хто мае шмат спраў. Звярніце ўвагу на тое, што месца націску ў нашым слове заня́ты і ў яго рускіх адпаведніках – за́нят ці занято́й — не супадае.

 Што тычыцца множналікавай формы заняткі, то яна ўжываецца ў значэнні ‘вучэбныя гадзіны ці ўвогуле час вучэння’. У гэтым значэнні слова мае сінонімы — урок, лекцыя, семінар.

 Такім чынам, калі мы нешта робім, прыкладам, у хаце, на падворку, у агародзе ці на працы — гэта будзе называцца занятак. А тое, што наведваюць вучні ці студэнты — заняткі.

 Упрыгожанне і ўпрыгожванне

Даволі часта словы ўпрыгожанне і ўпрыгожванне носьбітамі мовы ўспрымаюцца як варыянты і ўзаемазамяняюцца ў тымі самым кантэксце: шыкоўнае ўпрыгожанне і шыкоўнае ўпрыгожванне. Ці слушная такая ўзаемазамена? Безумоўна, не. Гэта розныя словы, а не варыянты аднаго і таго ж слова, таму ўжываць іх у адным значэнні нельга.

Упрыгожанне, або яшчэ з іншым націскам – упрыгажэ́нне — гэта прадмет для аздаблення чагосьці, так бы мовіць, для прыгажосці. Мы кажам каляднае ўпрыгожанне ў значэнні ‘калядная цацка, калядная дэкарацыя’. Гэтае слова мае як адзіночны, і множны лік: жаночае ўпрыгожанне і жаночыя ўпрыгожанні. 

А вось упрыгожванне – гэта ўжо не прадмет, а працэс, дзеянне. Значыць, што мы робім нешта прыгожым, аздабляем нешта пры дапамозе ўпрыгожанняў. Тады кажам: упрыгожванне горада гірляндамі, упрыгожванне дома кветкамі. Звярніце ўвагу, што слова ўпрыгожванне ўжываецца толькі ў адзіночным ліку.
Post #320 1.76K
#цікаваеслова

АПАНАВА́ЦЬ (ахапіць, перамагчы, акружыць)

Прыклад: Пасля непрыемнага здарэння апанавалі панылыя думкі.
Post #319 1.96K

Forwarded from Мова Нанова Баранавічы

Сябры, запрашаем далучыцца да літаратурнага анлайн-гуртка ў бліжэйшую сераду. Будзем гутарыць пра твор Святланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва".

Твор расказвае пра галоўную тэхнагенную катастрофу ХХ стагоддзя праз гісторыі ліквідатараў і іх сваякоў, журналістаў і навукоўцаў і жыхароў палескіх вёсак.

Завітваць можна, нават калі твор не чыталі. Спадзяемся, наша абмеркаванне натхніць вас на гэта😊

📖 Электронную версію можна знайсці тут https://knihi.com/Sviatlana_Aleksijevic/Carnobylskaja_malitva.html

📌 16 чэрвеня ў 19.00
📌 Zoom (каб атрымаць спасылачку, адзначайцеся ў каментарах)
Post #318 2.17K
#цікавінкі

Калі вы яшчэ не прыдумалі, чым карысным заняцца ў выходныя - прапануем папоўніць беларускую Вікіпедыю!

Студэнты “Мовы Нановы” Максім Умецкі і Таццяна Крывіцкая распрацавалі адмысловую інструкцыю для дадавання новых артыкулаў на Вікіпедыю і дапаўнення існых.

Поўная інструкцыя і карысныя парады тут: https://www.movananova.by/zaniatki/tvorchae-zadanne-papounim-belaruskuyu-vikipedyyu-razam.html
Post #317 2.61K
#цікаваеслова

АБУМО́ЎЛЕНАСЦЬ (залежнасць ад пэўных умоў, акалічнасцей)

Прыклад: Жыццёвая абумоўленасць жорсткіх паводзін не здымае з чалавека віны.
Post #316 2.05K
#мовананованабелсаце

Толькі ў пахавальні французскіх каралёў у Сэн-Дэні пад Парыжам ды пахавальні Габсбургаў у Вене дамавінаў больш, чым у крыпце Радзівілаў у Нясвіжы. А ў 2019 годзе ў нясвіжскім склепе зрабілі чарговае адкрыццё.

Пра гэтае адкрыццё і вінікі даследаванняў знаходак распавядае кандыдатка гістарычных навук Анастасія Скеп’ян.

У 2019 годзе падчас рэстаўрацыйных работаў у касцёле Божага цела ў Нясвіжы пад алтарнаю часткаю адкрылі тры пахавальныя ямы, дзе знайшлі агулам каля сотні шкілетаў. Адкрыццё гэтых парэшткаў жыхароў Вялікага Княства Літоўскага – сапраўдная сенсацыя! Даследаваннем костак заняліся Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі ды Навукова-даследчы інстытут і Музей антрапалогіі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Кім былі людзі, пахаваныя пад алтарнаю часткаю касцёлу ў Нясвіжы? Наколькі здаровымі былі нашыя продкі? Што зрабілі з парэшткамі па завяршэнні даследаванняў? Ці знайшлі ў пахаванні нейкія прадметы? Чаму некаторыя труны Радзівілаў маюць дзіўную форму? Якія міфы ды паданні звязаныя з пахавальняю Радзівілаў?

У граматычнай частцы разбіраемся, ці можна пісаць "лягенда", "пяльмень" і "мятро". У "Дзіцячай заМове" распавядаем пра некалькі цікавых беларускіх словаў.

https://www.youtube.com/watch?v=wXLmwOzESZI
Post #315 2.28K
#відэа

Прапануем паглядзець у беларускай агучцы фільм, які ўжо стаў класікай - "Выкупленне з Шаўшэнку".

Пра што: Эндзі Дзюфрэйн, малады таленавіты банкір, асуджаны за забойства сваёй жонкі ды ейнага каханка. Свае два пажыццёвыя зняволенні ён мае адбываць у турме Шаўшэнк. Турэмны свет жорсткі і бязлітасны: начальства турмы здзекуецца з вязняў пры дапамозе дысцыпліны і Бібліі, а вязні знушчаюцца адзін з аднога. Эндзі таксама дастаецца, але ён не пускае гэты свет жорсткасці ў сваю душу, у турме знаходзіць сябра — Рэда (Морґан Фрымэн). Рэд займаецца кантрабандаю неабходных для вязняў рэчаў — такі ў яго турэмны занятак. Эндзі ж, як былы банкір, ведае, як можна «адмываць» грошы, і ў гэтай справе працуе на начальніка турмы; у сваю чаргу, той дазваляе Эндзі збіраць турэмную бібліятэку і дапамагаць іншым вучыцца. Так праходзіць год за годам – звычайная турэмная руціна. Але як высвятляецца, у Эндзі ёсць невялікі сакрэт…

Глядзець фільм па-беларуску тут: https://www.movananova.by/medyateka/vykuplenne-z-shaushenku.html
Post #314 2.19K
#слоўнік

Сёння - Дзень абароны дзяцей. Як правільна гаварыць пра самых маленькіх беларусаў? Шмат карыснай лексікі ў сённяшнім слоўніку.

Дзіця́ (дзіцё́), дзіцяня́ (дзіцянё́), малеча
Няма каго? Дзіцяці, дзіцяня́ці

Даць цукерку каму? Дзіця́ці, дзіцяняці

Апекава́цца кім? Дзі́цем (дзіцё́м), дзіцянём

Дзіця́тка, даю цукерку дзіця́тку

Дзеці, дзеткі, дзятва́ (рус. детвора)

Немаўля, грудное дзіця

Дзіця яшчэ вельмі маленькае, яшчэ ссе малако.

Ссаць (малако) ссу, ссеш, ссе, ссём, ссяце, ссуць.

Карміць грудзьмі (даваць цыцку – гутарковае). Дзіця выпадкова вельмі балюча стукнула маці па грудзях (размоўнае – па цыццы). Нешта сёння малы ўпарціцца і не бярэ цыцку – мусіць, захварэў.

Дзіця́чая літаратура.

Дзіця́чы пакой (у гандлёвым цэнтры).

Дачка́, дочачка. Яна мела трох дачок.

Даччы́н адказ вельмі здзівіў маці.

Даччына́ любоў была бязмежная.

Колькі гадоў вашай дачцэ́?

Сын, сынок, сыночак, сынулька…

Сыне, сы́нку (ласка́вы зварот).

Сыно́ўская любоў, але сы́наў заплечнік.

Гадаваць (рус. растить) дзяцей.

Выхоўваць дзяцей.

Выхоўваць дзіцёнка неналежным чынам.

Мець нездавальня́льныя (нездавальняючыя) паводзіны.

Быць ве́тлівым з дарослымі.

Быць прыкладам (узорам) для дзіцёнка.

Заахвочваць (падахвочваць – рус. поощрять, пристращать) дзіцёнка да навукі.

У садочку нам трапілася добрая выхава́целька.

Прышчапля́ць (рус. прививать) дзіцёнку добры густ.

Развіваць у дзіцёнка пачуццё адказнасці.

Пятрок пайшоў у школу – цяпер ён сапраўдны вучань (навучэнец).

Дзіцё з першых хвілін паказала сябе як нявы́хаванае.

Вадзіць дзіця ў развіваючыя (развіццёвыя) гурткі і клубы

Васіль быў гадава́нцам (рус. воспитанник) нашага клуба.

Мікалай не хацеў падпарадкоўвацца (рус. подчиняться) патрабаванням дарослых.

Алеся трэба было заўсёды прымушаць выконваць хатняе заданне.

Бавіць (право́дзіць) з дзі́цем шмат часу.

Навучаць (вучыць) дзіця літарам, лічбам, лічылкам, хуткамоўкам, вершам.

Чытаць дзіцёнку казкі, адгадваць з ім загадкі, набываць яму размалёўкі (расфарбоўкі).

Усыпаць дзіцёнку бізуна, надаваць рэ́менем па срацы.

Гарэза, жэўжык, свавольнік (рус. озорник, шалун).

Аркадзь задужа песціў (рус. баловал) свайго доўгачаканага сына, і хлопец вырас разбэшчаным неслухам.

Валянціна была празмерна мяккай маці і не магла караць (рус. наказывать) дзяцей нават за самыя кепскія паводзіны.

Нораў Яўген меў хуліганісты.

З паслухмя́нымі дзецьмі заўсёды лягчэй, чым з неслухамі.

Бацькі перыядычна ўшчувалі дзіця за дрэнныя паводзіны і заклікалі да паслушэнства.

Падлетак (рус. подросток), няпоўнагадовы, маладзён (юнак).
Post #313 1.57K
#мовананованабелсаце

Новы выпуск!

Чаму Менск называецца Менскам? Ад ракі Менка. Але горад быў заснаваны ў месцы, дзе ў Менку ўпадае рэчка Дунай. Чаму не Дунайск? Навошта наагул будаваць горад на гэтай малой рэчцы, калі побач куды большая Свіслач?

Кандыдат гістарычных навук, слынны археолаг Сяргей Тарасаў, распавядае пра пачаткі Менску. Колькі часу ён існаваў да бітвы на Нямізе? Што пераканала гісторыкаў у тым, што горад змяняў сваё месцазнаходжанне? Чым гандлявалі старажытныя менчукі? Што значыць слова "Менка" і чаму Менск узнік на беразе гэтай дробнай рэчкі? Чаму горад не пабудавалі на Свіслачы ці хаця б Пцічы? Ці мог Менск называцца інакш? І як знайсці выток беларускага Дунаю, рэчкі, якая сёння амаль цалкам перасохла?

У граматычнай частцы разбіраем, як правільна пісаць: "ідыялогія" ці "ідэалогія", "геніялогія" ці "генеалогія". У "Дзіцячай заМове" распавядаем пра некалькі цікавых беларускіх словаў.

https://www.youtube.com/watch?v=ryhF5WxrtH8
Post #312 2.23K

Forwarded from Deleted Account

Сябры! Ну вось неяк так анлайн-незаўважна мы і падыйшлі да заключных заняткаў IV сезону Мовы Нанова ў Рэчыцы. Нам застаўся выпускны!
А аздобіць наш сыход на летнія вакацыі вядомы сатырычны дуэт "Красная зелень", які ў Вільні стварылі ўцекачы з Беларусі - блогер Андрэй ПАВУК і оперная спявачка Маргарыта ЛЯЎЧУК.
Калі вы жадаеце далучыцца да нашых алайн-заняткаў, пакіньце які-небудзь каментар пад гэтым пастом. Для ўдзелу патрэбны акаунт у google.com (напрыклад, паштовая скрыня на gmail.com).
Post #311 1.9K

Forwarded from Белмова

Завяршаем сезон!

І традыцыйна вас чакаюць 2 часткі:
1️⃣ Працуем з беларускай. Тэорыя, тэсты, практыкаванні.
(19:05-20:00) 📚
2️⃣ Не задавайце пытанні, адказ на якія вы можаце знайсці самі. Раскажам як гэта. 🧐
Таксама падводзім вынікі, прымаем зваротную сувязь, крытыку, пажаданні. 😉 (20:05-21:00)

💬 Каб атрымаць спасылку на канферэнцыю, пастаўце плюс у каменты — і яна будзе ў вас у чацвер зранку.
Post #310 1.84K
#слоўнік

Паколькі тэма авіяцыі ўжо трэці дзень не сыходзіць з нашых СМІ, варта ведаць адпаведную лексіку па-беларуску.

Бедствие (сігнал) – ліха

Боевая зарядка – баявое начынне

Боевое слаживание – баявое шыхаванне

Бомбардировщик – бамбавальнік, бамбавік (маст.)

Внешние подвески – 1. знадворныя 2. (у адносінах да ўнутр. падвеса) вонкавыя падвесы

Внешний осмотр – знадворны агляд

Воздушное судно – лятак (але самолет – самалёт)

Выведен из строя — зведзены

Вывод из строя ступень ушчэнту (па тыпу Б) - звод

Горизонт – (становішча летака) гарызонт, (лінія зямля-неба) небасхіл, (у далечы) на даляглядзе

Гражданская авиация – 1. тактычны (вайсковы) тэрмін – цывільная, 2. грамадзянская

Долгохранимое топливо – доўгатрыманае паліва

Зарядка авиационных средств поражения – узброй авіяцыйных сродкаў ушчэнту

Из положениядежурства на земле- з дзяжурнага стану на зямлі

Кромка крыла – абза крыла

Круг полетов – кола палётаў (але повторный круг – паўторны круг)

Лётное (аэродромное) поле – лётнішча (але аэродром, аэропорт – аэрадром, аэрапорт)

Лётчик – 1. спец. лётчык 2. (аматар) лётнік

Мелкий вираж (спираль) – плыткі віраж (спіраль)

Несущий вращающийся винт – пад’ёмны абаротны вінт

Неубирающееся шасси – непрыбіранае шасі

Обметаемая площадь винта –утвараемая плошча вінта

Останов двигателя – спын рухавіка

Откидная часть фонаря –адкідны аскепак ліхтара

По левому (правому) борту –леваборт (праваборт)

Подавление ПВО – здушэнне СПА

Полигонный наряд самолетов – палігонная выправа самалётаў

Поражение цели – ушчэнт цэлі

Потребная (!) подъемная сила (П.Сухі?!) – патрэбная пад’ёмная сіла

Правая секция стекла – правая шыба

Предохранительная чека кресла –засцерагальная загваздка крэсла

Приемистость двигателя – рэзкасць рухавіка

Разведчик – выведнік

Рассредоточенный боевой порядок – разгрупаваны баявы шых (але полетный строй – палётны строй)

Расчистка воздушного пространства (такт.) – вызваленне паветранай прасторы

Ремни подвесной системы (зборнае значэнне) – паскі (але поясной ремень – папруга)

Рычаг управления двигателем – вагар кіравання рухавіком

Силовой набор крыла – драбы крыла

Система тяг и качалок – сістэма арэляў

Следовать по курсу – праставаць па курсе

Спасание и спасение – выратаванне і ратаванне

Спрямление маршрута – спраставанне маршруту

Створка сопла – счын сапла

Тянущий винт – цяглавы вінт

Фонарь – ліхтар, шклян (размоўн.)

Чашка кресла – лёжка крэсла

Швартовка – швартоўка (вяроўка), швартаванне (дзеянне)
Post #309 1.36K

Forwarded from Мова Нанова Баранавічы

Сябры, запрашаем на апошнія нашыя заняткі ў гэтым сезоне. Хацелася б гучна назваць гэта выпускным, але рабіць так не будзем. Верым, што настануць яшчэ часы шчырай радасці.

Гэты сезон завяршаем сустрэчай з неймаверным Андрэем Хадановічам - "Паэзія салідарнасці ў вершах, песнях і перакладах". На моўнай частцы падвядзём вынікі года, праверым свае веды і абмяняемся моўнымі планамі на лета.

Завітвайце, будзем рады❤

📌 26 мая ў 19.00
📌 Zoom (каб атрымаць спасылачку, адзначайцеся ў каментарах)
Post #308 901

Forwarded from Mova Nanova Viciebsk

💥Сябры, вось і настаў час для апошніх заняткаў у самым складаным для нас сезоне!
Нягледзячы на ўсе перашкоды і праблемы, мы годна правялі сёмы год віцебскіх курсаў "Мова Нанова".
Запрашаем усіх вас на наш выпускны! Узгадаем яскравыя падзеі гэтага года, пагутарым, а таксама паслухаем цудоўнага госця!

Эксклюзіўна для Віцебска на наш выпускны завітае Сяргей Башлыкевіч, лідар гурту "Leibonik", музыка і эрудыт! Сяргей зайграе невялічкі анлайн-сэт для ўсіх наведнікаў нашых курсаў!
Правядзем апошнія заняткі ў сезоне разам!
Звярніце ўвагу на час! Заняткі распачнуцца ў 18:30!!!

Пакідайце "+" у каментарах, і мы дашлём вам запрашальную спасылку!
Post #306 2.11K
#цікаваеслова

РАЁ́К (каляровае поле вакол зрэнкі ў воку)

Прыклад: Акуліст сказаў пацыентцы, што ў яе зялёныя вочы, бо раёк зялёны!
Post #305 2.1K

Forwarded from Белмова

Мінулыя заняткі былі месцамі даволі эмацыйнымі і напружанымі, таму гэтым разам усё будзе прасцей. 😅

Ужо заўтра вас чакаюць 2 часткі:
1️⃣ Традыцыйна працуем з беларускай. Тэорыя, тэсты, практыкаванні.
(19:05-20:00) 📚
2️⃣ Гаворым, гуляем у эліас, проста прыемна бавім вечар😉 (20:05-21:00)

💬 Каб атрымаць спасылку на канферэнцыю, пастаўце плюс у каменты — і яна будзе ў вас заўтра зранку.
Older posts →
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →