У падтрымку Яраслава Іванюка і прадстаўнікоў культурніцкіх арганізацый, якія пераследуюцца рэжымам Лукашэнкі
Рэжым Лукашэнкі абвясціў у вышук Яраслава Іванюка — заснавальніка інтэрнэт-бібліятэкі і выдавецтва «Камунікат». Гэты крок — чарговае сведчанне таго, што рэжым працягвае маштабныя трансгранічныя рэпрэсіі.
Яраслаў Іванюк — беларус з Падляшша, грамадзянін Польшчы, які вядзе выключна легальную культурніцкую дзейнасць на тэрыторыі ЕС. Больш за чвэрць стагоддзя ён прысвяціў захаванню і развіццю беларускай спадчыны. Заснаваная ім бібліятэка «Камунікат» стала адной з найбуйнейшых лічбавых платформаў беларускай кнігі, а выдавецтва выпусціла сотні важных для нашай нацыі выданняў.
У той час як Яраслаў Іванюк і прадстаўнікі культурніцкіх арганізацый і ініцыятыў робяць неацэнны ўнёсак у падтрымку беларускай літаратуры і нацыянальнай ідэнтычнасці, рэжым Лукашэнкі працягвае бязлітасную вайну супраць беларускага народа і беларускай культуры. Фабрыкацыя крымінальных спраў і стварэнне выдуманых «экстрэмісцкіх фармаванняў» — гэта інструменты, якімі нелегітымная ўлада спрабуе знішчыць усё беларускае, нават за межамі нашай краіны.
Завядзенне крымінальных спраў і ўключэнне грамадзяніна Польшчы ў базы вышуку — гэта таксама прамы працяг варожых і дэстабілізацыйных дзеянняў рэжыму ў дачыненні да Польшчы і суседніх краін ЕС. Лукашэнка ў чарговы раз прадэманстраваў, што яго рэпрэсіўная ўнутраная і агрэсіўная знешняя палітыка застаюцца нязменнымі.
Са свайго боку і ад каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення выказваю поўную салідарнасць з Яраславам Іванюком і з ўсімі дзеячамі культуры, якія апынуліся пад пераследам.
Мы працягваем працу з міжнароднымі партнёрамі для падтрымкі беларускай культуры.
Post #5136
554
