Барыс Кіт
Сказаўшы А, нельга не сказаць Б. Учора я ўспомніў свайго земляка-матэматыка, і зупыніцца вельмі цяжка. Бо сення дзень нараджэння яшчэ аднаго выбітнага земляка, і яшчэ аднаго матэматыка. Навагрудчаніна, які рухаў чалавецтва да зор. Барыса Уладзіміравіча Кіта
***
Пішу зараз і сам не веру ў тое, што калісьці такое агулам было. Мяне, школьніка 2000х гадоў, з дзяцінства атачала нейкая аўра гэтага імя. Напэўна не было жыхароў горада, якія б не ведалі пра свайго славутага земляка і не ганарыліся ім. "вучыцца як Барыс Кіт", "ведаць сваю гісторыю і мову, як Барыс Кіт", "імкнуцца да таго, да чаго імкнуўся Барыс Кіт". Я чуў такія, ці прыкладна такія выразы напэўна сотні разоў. У мясцовай адукацыйна-навукова-алімпіяднай суполцы Барыс Кіт быў напэўна большым аўтарытэтам чым нават той Эйнштэйн. Бо дзе Эйнштэйн, а дзе мы. А Кіт, а вось яго доктарская мантыя, якую можна панасіць, калі будзеш добра вучыцца. А вось большая частка яго архіваў у краязнаўчым музеі, да якіх, калі проста папрасіць супрацоўнікаў, можна без асаблівых складанасцяў атрымаць доступ. І канечне ж вельмі цешыла тое, што сам Барыс Уладзіміравіч адказваў шчырай любоўю нашаму невялікаму гораду, шмат разоў казаў, што няма для яго больш ганаровай узнагароды, сярод тых дзесяткаў афіцыйных узнагарод, чым званне ганаровага жыхара Навагрудка. Яго словы так шчымліва зразумелыя мне зараз...
Сення яго дзень нараджэння. Беларуса, навагрудчаніна, які рухаў чалавецтва у космас. Чалавека, які сваім жыццем стаў прыкладам для цэлага пакалення. Майго пакалення.
...Гэта вельмі важна, калі ў жыцці з самага юнацтва ёсць інтэлектуальны арыенцір такога ўзроўню, як Барыс Кіт (С)
Post #1712
7.07K