Боязь падаць апэляцыю
Сябра Каардынацыйнай рады, праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Міхаіл Кірылюк з такой пазыцыяй польскага боку ня згодны. Тыдзень таму ён разам зь іншымі беларускімі палітыкамі і юрыстамі быў на прыёме ў шэфа Ўправы ў справах іншаземцаў Польшчы Томаша Цытрыновіча.
«Так, 5 гадоў прайшло, тэрміны даўніны паводле некаторых крымінальных артыкулаў прайшлі. Мы даводзілі спадару Цытрыновічу, што ў Беларусі так права, на жаль, не працуе. Калі ты цікавы беларускім сілавікам — напішуць, што ты кіраўнік групы або што заўгодна, ім няма розьніцы, якія дакумэнты фальсыфікаваць», — кажа Кірылюк.
На думку суразмоўцы, толькі палітыкі ня здолеюць разьвязаць сытуацыю. Мэдыя павінны шырока ўздымаць праблему, таксама патрэбная судовая практыка. А такая практыка можа быць толькі тады, калі людзі самі будуць аспрэчваць адмовы, падаваць скаргі.
«Мы зьвярталіся да двух чалавек, якім адмовілі ў дадатковай абароне. Маем сродкі на польскіх адвакатаў. „Калі ласка, давайце падамо апэляцыі“, — прапаноўваем. Два чалавекі адмовіліся: „Мы ня хочам, будзем іншымі спосабамі легалізоўвацца“», — наракае Кірылюк.
Ён дадае, што ўважае такія паводзіны, калі чалавек баіцца падаваць апэляцыю, за своеасаблівую беларускую траўму.
«Ён прайшоў ужо празь несправядлівыя беларускія суды і падсьвядома думае, што калі зараз напіша апэляцыю, то польскія міграцыйныя ўлады будуць да яго ставіцца як да ворага і назаўтра дэпартуюць. Але я магу як праўнік пацьвердзіць, што гэта абсалютна ня так. І тут калі ты не абскарджваеш рашэньне, то трохі ўскосна, пасіўна падтрымліваеш гэтую некарысную для ўсіх беларусаў практыку. Рашэньне — гэта не прысуд анкалёгіі 4-й ступені, адмову трэба абскарджваць», — падсумоўвае суразмоўца.
І ад таго, як зладжана і сыстэмна беларусы будуць рэагаваць, на думку беларускага юрыста, залежыць у будучыні міграцыйная палітыка ў дачыненьні беларусаў.
«Бо рэпутацыя ў нас добрая, беларусы — вельмі законапаслухмяныя грамадзяне. І, я думаю, мы маем права патрабаваць абароны, дзе яна нам належыць паводле закону», — кажа Міхаіл Кірылюк.
Ён заклікае беларусаў, зьвяртаецца да прадстаўнікоў дыяспары: калі ёсьць такія адмовы, калі чалавек ня можа знайсьці грошы на польскага адваката — зьвяртацца ў Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне.
«Мы знойдзем грошы. Мы самі прыцягваем адмыслоўцаў у міграцыйным праве. Бо калі мы здолеем у судах адстаяць адно рашэньне, другое, трэцяе — гэтыя справы будуць вяртацца ва Ўправу ў справах іншаземцаў. І калі суд на ўсе рашэньні дае аргумэнтаваны адказ — яны памяняюць сваю практыку. Гэта працуе ў Польшчы. Ёсьць шмат прыкладаў, калі суды займаюць прынцыповую пазыцыю. І на палітычным узроўні былі спрэчкі, да Вярхоўнага суду Польшчы справы даходзілі. Але без падтрымкі людзей я як праўнік НАУ ніякую скаргу сам не магу падаць, калі чалавек атрымаў адмову і сам ня хоча яе абскарджваць. Мы ж патрабуем не дадатковых правоў, а толькі ўжыць дзейнае заканадаўства», — кажа Кірылюк.
Для Радыё Свабода
https://t.me/radiosvaboda/87920