ПЕРАСЬЛЕДЫ ЗА ДОНАТЫ. ТЭНДЭНЦЫІ
Мы сабралі сьведчаньні некалькіх дзясяткаў людзей, каго ў Беларусі выклікалі ў "праваахоўныя ворганы" ў справе донатаў на фонды.
ШТО ВЯДОМА?
1. Кожнаму з выкліканых паведамлялі, што на ягонай банкавай выпісцы прысутнічае транзакцыя на карысьць Facebook London альбо Facebook Stripe London альбо нейкая падобная камбінацыя. Прычым нашыя ворганы настолькі лянівыя, што пасылалі выкліканых у банк браць расшыфроўкі гэтых транзакцый (!!!)
2. У целе самой транзакцыі на адрас Фэйсбуку ніколі няма інфармацыі, на што менавіта пайшлі грошы, і сілавікі ў аніводным зь вядомых нам выпадкаў ня ведалі, на што дакладна была аплата. У выкліканых патрабавалі тэлефон, залазілі ў гісторыю плацяжоў у акаўнце ФБ і, калі знаходзілі там аплату на BY_Help ці BYSOL - патрабавалі пісаць "яўку з павіннай" і аплаціць нейкую рандомную суму на нейкі рахунак. За адмову даць тэлефон ці пісаць яўку ці данаціць немаведама каму пагражалі затрыманьнем на 72 гадзіны й угалоўкай.
ТУТ ВАЖНА: усім выкліканым, з кім мы кантачыліся ці хто апублікаваў інфу пра візыту ў гэбэ, паказвалі менавіта выпіску зь гісторыі апэрацый іхных беларускіх картак. Выняткаў не было. То бок сілавікі інфармацыю, натуральна, атрымалі адкуль прасьцей - зь беларускіх банкаў, якія ўсё зьліюць пасьля першага шчаўчка пальцамі.
Такім чынам, выдаленьне збораў на ФБ, як тут нядаўна гучна патрабаваў нейкі спадар з фондам, якога ніхто ня бачыў, тут не дапаможа.
ЧАМУ?
Па-першае, нават пасьля выдаленьня збораў застаецца запіс у гісторыі аплат вашага акаўнту. Гісторыя аплат не выдаляецца разам са зборам.
Па-другое, сьведчаньне транзакцыі на банкавай выпісцы выдаліць нельга, банкі зьліюць інфармацыю на першы пстрык пальцамі з ГБ. Калі донат на ФБ быў зроблены між 9 жніўня ды канцом сьнежня 2020 года, сілавікі аўтаматычна лічаць, што гэта быў донат на фонды.
Па-трэцяе, закрыць мой акаўнт (Ляксея Лявончыка) ці акаўнт Андрэя Стрыжака (як і зноў прапаноўваў спадар з фондам, каторага ніхто ня бачыў) нічога ня дасьць. Плацяжы на адрас фондаў застануцца ў гісторыі плацяжоў вашага акаўнту.
ШТО МОЖНА ЗРАБІЦЬ?
1. Выдаліць свой акаўнт. Тут праўда нюанс, што яго можна аднавіць цягам 30 дзён. Таму калі вас ня выклікалі яшчэ - раю разважыць пра гэтую вопцыю і спадзявацца, што да выкліку міне месяц. Потым вы можаце завесьці новы акк на тое самае ймя ўжо з чыстай гісторыяй плацяжоў.
2. Калі да выкліку ў гэбэ мінула меней за 30 дзён, ці вы не жадаеце выдаляць свой акаўнт, то перад візытай раю зьнесьці ФБ з тэлефона й ветліва казаць, што пароль вы ня памятаеце. А што да плацяжа на выпісцы з банку - то ён быў у падтрымку прытулка для катоў.
3. Падпісаньне гэбэшнай "яўкі з павіннай" і выплата нейкай сумы на нейкі рахунак азначае аўтаматычнае прызнаньне, што вы рабілі такі донат. І галоўнае: гэта НІЯК (тут апроч капіталізацыі варта падкрэсьліць тройчы тлустай рысай) не гарантуе, што ў будучыні супраць вас ня будзе ўгалоўнай справы. Вы ж гэтай "яўкай" фактычна самі прызнаеце донат "экстрэмістам".
Гэта ня самыя лепшыя парады, таму што сілавікі арыентуюцца менавіта на выпіскі з банкаў, якія зьнішчыць немагчыма. Аднак во так вы можаце сябе хоць неяк забясьпечыць.
Post #260
2.37K
- 👍 29