🗡8 кастрычніка 1605 года была створана Брэсцкая канфедэрацыя.
Брэсцкая канфедэрацыя (1605–1608) — аб’яднанне войска Вялікага Княства Літоўскага ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600–1629). Яна ўзнікла пасля перамогі пад Кірхгольмам, калі дзяржаўны скарб не змог своечасова выплаціць жаўнерам жалаванне і забяспечыць іх правіянтам. Паводле акта стварэння, мэта канфедэрацыі — дамагчыся выплаты належных сум за службу.
Пасля абрання маршалка (у 1607 годзе ім стаў Андрэй Кяндзерскі) канфедэраты пакінулі Інфлянты і занялі каралеўскія эканоміі каля Брэста, Камянца, Пінска і Кобрына. Яны самавольна збіралі падаткі, канфіскоўвалі сродкі, дасылалі паслоў з патрабаваннямі да караля і прымалі яго легатаў. Каардынацыяй збору сродкаў займаўся падскарбі ВКЛ Яраш Валовіч.
Нягледзячы на спробу сойму і прызначэнне камісараў (у тым ліку біскупа Марціна Шышкоўскага, Гераніма Хадкевіча і Самуэля Валовіча), сабраць неабходную суму не ўдалося. Паводле канфедэратаў, дзяржава была вінна каля 100 тысяч злотых, камісары ж прызнавалі толькі 25 тысяч.
Канфедэраты адмовіліся далучацца да рокашу 1606 года, аднак паступова іх шэрагі раскалоліся. Частка падтрымала караля ў бітве пад Гузавам (1607), іншыя далучыліся да войска Януша Радзівіла. У 1608 годзе кароль Жыгімонт ІІІ гарантаваў ім амністыю, а пасля перамоў з камісарамі было пагаджана выплаціць 40 тысяч злотых.
Брэсцкая канфедэрацыя спыніла дзейнасць у 1608 годзе, не атрымаўшы поўнага разліку. Частка ўдзельнікаў далучылася да войска Хадкевіча або Сапегі. Канчатковы разлік адбыўся ў 1613 годзе. Падзеі вакол канфедэрацыі падштурхнулі да спробаў увядзення сталага вайсковага скарбу і стварэння ў 1609 годзе «Вайсковых артыкулаў», якія забаранілі канфедэрацыі ў войску пад пагрозай смяротнага пакарання.
Post #45126
38

- ❤ 1