Узброеныя людзі ў масках суправаджалі групу мігрантаў каля 20 чалавек да беларуска-латвійскай мяжы, а потым зайшлі на тэрыторыю Латвіі. Інцыдэнт здарыўся на гэтым тыдні.
«Тыя, хто суправаджаў нелегальных мігрантаў, былі ўзброеныя, пагражалі вайскоўцам Нацыянальных узброеных сіл, а таксама актыўна падштурхоўвалі і гналі групу мігрантаў у напрамку Латвіі», – паведамляюць Нацыянальныя ўзброеныя сілы Латвіі.
Латвійскія памежнікі спынілі нападнікаў, але неўзабаве яны вярнуліся.
«Праз некалькі гадзінаў пасля гэтага канфлікту людзі ў масках праніклі на тэрыторыю Латвіі, пашкодзілі размеркавальную шафу і скралі камеры. Да таго як памежны нарад паспеў прыбыць на месца, гэтыя асобы вярнуліся на тэрыторыю Беларусі», – паведамляе міністр унутраных спраў Латвіі Яніс Дамбрава ў сацсетцы X.
У латвійскім войску заявілі, што правакацыя насіла дэманстратыўны і агрэсіўны характар.☝️
