Жлобінец Вадзім Пашкоўскі быў пакараны ў Беларусі за ўдзел у пратэстах-2020 – ягоную асобу вылічылі праз відэа, знятае сілавікамі. Прычым гэта здарылася ажно праз 4 гады пасля падзеяў.
У снежні 2025-га мужчына вызваліўся і здолеў знайсці сабе працу па спецыяльнасці (інжынер-распрацоўнік тэхналагічных працэсаў) на прыватным прадпрыемстве ў Магілёве. Аднак там у Пашкоўскага здарыўся канфлікт з кіраўніцтвам, які перарос у выклік сілавікоў і размову з імі ў Упраўленні КДБ па Магілёўскай вобласці.
«Мне кажуць: “Короче, расклад такой: или ты сегодня идешь домой, но тебе придется поехать в командировку, или ты сегодня не пойдешь домой, потому что на твоем ноутбуке очень много файлов и у нас есть основания подозревать, что ты занимаешься промышленным шпионажем”. А я, яшчэ як вучыўся ў БДТУ, рабіў шмат рысункаў, розных файлаў, звязаных з вытворчасцю. І вось іх яны перакруцілі на той шпіянаж. І таму яны сказалі: “Или на 15 лет, или надо будет помочь стране”.
Яны сказалі, што мне трэба выехаць у Польшчу і там проста жыць, стасавацца з людзьмі і перыядычна распавядаць ім як у мяне справы і з кім я стасуюся. І, сказалі, што самае галоўнае – ні пры якіх акалічнасцях нікому, асабліва ў Польшчы ніколі не казаць пра гэты факт. Бо, маўляў, як толькі я камусьці скажу пра гэта – маё жыццё скончыцца, таму што Польшча адразу мяне выкіне назад, а яны адразу мяне сустрэнуць і далей ужо я мусіў сам зразумець, што будзе»
Вадзім Пашкоўскі дачакаўся польскай гуманітарнай візы ў Беларусі, а ўначы 3 кастрычніка заехаў у Польшчу. Ён вырашыў адразу ж публічна расказаць пра вербаванне з боку спецслужбаў Лукашэнкі, каб «абнуліць» яго і паказаць, што не мае намеру працаваць на сілавікоў.
