#ПрэміяГедройця2021
Ужо зусім хутка мы даведаемся, хто ж сёлета атрымае Прэмію Гедройця. А пакуль нагадаю вам, якія кнігі ўвайшлі ў кароткі спіс і будуць змагацца за перамогу.
📕Сяргей Абламейка «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» (Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020).
Кніга доктара гістарычных навук і журналіста Радыё Свабода, якая ўжо паспела атрымаць іншыя прэміі: Прэмію імя Францішка Багушэвіча і званне «Кніга года» паводле экспертаў Радыё Свабода ў намінацыі «дакументальная проза».
📕Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» (Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020).
Кніга, якая, на маю думку, сёлета мае ўсе шансы на перамогу. «Балотная казка», здольная зацягнуць любога, хто пачне яе чытаць.
📕Сяргей Календа «Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва» (Логвінаў, 2020).
У апошніх кнігах Календа даследуе цялеснае, плоцевае і пачуццёвае. Не баіцца брудных слоў і брудных сцэн, якіх у кнізе шмат, як і думак, пачуццяў і перажыванняў юнакоў.
📕Артур Клінаў «Локісаў» (Логвінаў, 2020).
Трэці за дзесяць гадоў раман аўтара. Атмасфера поўначы Беларусі, містыка і пярэваратні, каларытная фантастычная гісторыя адной рэвалюцыі ў яркіх дэкарацыях беларускай правінцыі.
📕Таня Скарынкіна «Райцэнтр» (Пфляўмбаўм/Выдавец Раман Цымбераў, 2020).
Не ўсім беларускім гарадам шанцуе мець свайго летапісца, які пакіне ўспамін пра яго ў літаратуры і гісторыі. Жыхары Смаргоні і ваколіц набылі бессмяротнасць у кнізе Тані Скарынкінай.
📕Андрэй Федарэнка «Жэтон на метро» (Мастацкая літаратура, 2020).
Новая кніга вядомага беларускага аўтара, у якой гэты выдатны празаік выступіў у нечаканым для сябе амплуа — як аўтар дэтэктыўнага рамана.
Post #2528
1.66K