ЭТНАСУСВЕТ: СТРОЙ ЯК СПОСАБ УБАЧЫЦЬ СЯБЕ
30 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася фотавыстава Кацярыны Аракчэевай «Этнасусвет» – чарговая падзея праекта «Кола года».
На адкрыццё сабралася шмат гледачоў – мадэлі, чые вобразы сталі часткай праекта, даследчыкі традыцыйнага адзення, мастацтвазнаўцы і прадстаўнікі культурнай супольнасці.
У аснове выставы – фотапартрэты сучасных беларусак у традыцыйных строях. У аб’ектыве Кацярыны Аракчэевай разам са строем змяняюцца постаць, пластыка і выраз вачэй - ўзнікае адчуванне сустрэчы сучаснай жанчыны з культурнай памяццю, якую яна носіць у сабе.
Свой «Этнасусвет» Кацярына прадставіла ў розных вымярэннях: як фатограф, дызайнер, даследчыца традыцыйнага адзення і спявачка. Таму падчас адкрыцця гучалі і беларускія народныя песні ў яе выкананні.
Асобнай падзеяй стала дэманстрацыя традыцыйнага строю. Аляксандра Мятлеўская, майстар-рэканструктар традыцыйнага адзення, на вачах у гледачоў апранала мадэль і распавядала пра кожную дэталь убору. Тое, што госці бачылі на выставе як экспанат і фотавобраз, атрымала працяг у жывым дзеянні.
🙏🏼Дзякуем Кацярыне Аракчэевай за магчымасць дакрануцца да яе «Этнасусвету» і паглядзець на традыцыйны строй не толькі як на частку спадчыны, але і як на спосаб па-новаму адчуць і ўбачыць сябе.
«Этнасусвет» можна наведаць да 22 лістапада 2026 года.
Post #4083
62
- ❤ 8