Пісьменніцы ў аб'ектыве Уладзіміра Крука»
фотаэкспазіцыя
25/09/2026 - 03/01/2027
📍Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
25 верасня 2026 года ў фае Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры пачынае працу фотаэкспазіцыя «Жаночыя твары беларускай літаратуры». На выставе прадстаўлены фотапартрэты (павялічаныя копіі) беларускіх пісьменніц, зробленыя ў 1960–1980-я гады. Вера Вярба, Валянціна Коўтун, Яўгенія Янішчыц, Ніна Мацяш, Раіса Баравікова, Алена Васілевіч, Нэла Тулупава, Валянціна Аколава, Эдзі Агняцвет, Таіса Бондар – кожная з іх паўстае перад гледачом у сваім непаўторным вобразе.
👤Аўтар фота – Уладзімір Андрэевіч Крук (1927–2008) – вядомы беларускі фатограф і фотакарэспандэнт, больш за трыццаць гадоў жыцця якога былі звязаны з газетай «Літаратура і мастацтва». Не маючы спецыяльнай прафесійнай адукацыі, Уладзімір Крук больш за 45 гадоў прысвяціў фатаграфіі, стварыўшы вялікі фоталетапіс культурнага жыцця Беларусі.
Асаблівую каштоўнасць выставе надаюць аўтографы пісьменніц – вершы, пажаданні, прызнанні, сур’ёзныя і жартаўлівыя. Яны сведчаць не толькі пра высокую ацэнку творчасці фатографа, але і пра цёплыя чалавечыя адносіны паміж ім і тымі, каго ён здымаў:
«Ні шчасця, ні радка без Уладзімера Крука!.. » (Нэла Тулупава)
«Несумненна, што кожны рад (для гісторыі ці для сябрука) трапіць у бліскучы кадр работы Уладзіміра Андрэевіча Крука!» (Раіса Баравікова)
«Уладзіміру Круку – уладару ўсіх падгледжаных і запыненых, абнародаваных і да часу прыхаваных імгненняў нашага хуткаплыннага жыцця….» (Таіса Бондар)
«Хай доўга-доўга радуе людзей Валодзя Крук – наш добры чарадзей!» (Эдзі Агняцвет)
Большасць прадстаўленых на выставе фотаздымкаў была перададзена ў фонды нашага музея самім Уладзімірам Андрэевічам Круком у 2007 годзе. Сёння гэта каштоўныя дакументы эпохі. Яны захоўваюць не толькі вобразы людзей, што стваралі беларускую літаратуру, але і атмасферу літаратурнага жыцця Беларусі другой паловы ХХ стагоддзя.
Запрашаем!
У В А Х О Д В О Л Ь Н Ы !