БХК вітае вызваленне Алеся Бяляцкага, Уладзя Лабковіча, Марыі Калеснікавай, Віктара Бабарыка, Марыны Золатавай і іншых палітычных зняволеных 13 снежня 2025 года.
💜Мы удзячны ўсім людзям, якія праяўлялі салідарнасць, урадам дэмакратычных краін, дыпламатам, міжнародным арганізацыям, якія далучыліся да вызвалення беларускіх палітзняволеных.
🔴Разам з тым, мы не можам не адзначыць, што яшчэ як мінімум 1110 палітзняволеных застаюцца за кратамі. Сярод іх – нашыя калегі праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова і Наста Лойка, 6 адвакатаў, 27 журналістаў і супрацоўнікаў медыя.
Значная частка палітзняволеных цяпер знаходзіцца ў уразлівым стане з-за стану здароўя і ўмоў утрымання, якія могуць разглядацца як жорсткае і прыніжаючае годнасць пакаранне. Адсутнасць належнай медыцынскай дапамогі і цяжкія ўмовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі ствараюць пастаянную пагрозу жыццю і здароўю людзей.
🔴Акрамя праблемы палітычных зняволеных, краіна сутыкаецца з беспрэцэдэнтным крызісам правоў чалавека: дзесяткі тысяч людзей вымушаны пакінуць краіну, тысячы прайшлі праз адміністрацыйныя і крымінальныя пераследы, сотні арганізацый ліквідаваны, асноўныя свабоды - слова, сходаў, аб'яднанняў - фактычна ануляваныя.
🟢Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і без ніякіх умоў вызваліць усіх тых, хто ўтрымліваецца ў зняволенні па палітычных матывах, спыніць крымінальныя і адміністрацыйныя пераследы з палітычных прычын, а таксама забяспечыць аднаўленне вяршэнства права і правоў чалавека.
🟢Звяртаючыся да ўладаў Беларусі, заклікаем праявіць дальнабачнасць у пераадоленні нацыянальнага крызісу. Вызваленне палітвязняў можа стаць адпраўным пунктам да пачатку аднаўлення прававога характару беларускай дзяржавы, узмацнення суверэнітэту на фоне найскладанейшай геапалітычнай сітуацыі апошніх гадоў.
Post #200
173
- ❤ 3