Адпусціце мяне, Курапаты,
нават з куляю ў галаве,
да дзяцей, да жаны, да хаты.
Як там бацькаўшчына жыве?
Як там сад мой? Абрыдлі сосны,
нават камень не ўлежыць ніц.
Я вярнуся, такі ўжо лёс мой –
плакаць жвірам з пустых вачніц.
Адпусціце мяне да хаты.
Як жа так – прапусціць сяўбу?
Я ж да смертухны быў аратым,
я ж прашуся не на гульбу.
А ў залог вам пакіну кулю,
і – дадому, у Журавы!
Зайду ў двор, абдыму матулю,
пацалую, нібы жывы.
Анатоль Сыс.
***
Сёння «Ноч расстраляных паэтаў». У гэтую ноч, з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, у мінскай турме НКУС было забіта больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. 22 з іх — пісьменнікі.
Расстрэльны спіс, па якім за адну ноч расстралялі 132 чалавекі, быў падпісаны ўласнаручна Сталіным. 28 кастрычніка правялі суды. Людзей абвінавацілі ва ўдзеле ў контррэвалюцыйнай арганізацыі.
Суд мог доўжыцца ўсяго 15 хвілін. Абскарджанню прысуды не падлягалі. Часта адзіным пацвярджэннем удзелу ў такой арганізацыі былі сведчанні саміх арыштаваных.
Сведчанні выбівалі вельмі жорстка. Пісьменнік Кузьма Чорны, які пазбег расстрэлу, успамінаў пра свае катаванні так: садзілі на кол, білі па галаве, устаўлялі ў вушы трубкі і крычалі ў іх. Некаторыя не вытрымлівалі здзекаў і паклёпнічалі на сябе, падпісвалі любыя паказанні супраць іншых…
Сярод расстраляных былі Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Мойшэ Кульбак, Міхась Чарот. Пра гэтую страшную ноч у нашай гісторыі стала вядома толькі ў канцы 1980-х гадоў.
Людзей расстрэльвалі ва ўрочышчы Курапаты ў Мінску. Менавіта тут могуць да гэтага часу ляжаць парэшткі забітых людзей.
#мыпамятаем #ночрастраляныхпаэтаў #ночпаэтаў #невыносна
Post #144
278
- 😢 4