#вілейка #sacral_urban
Ёсць у Вілейцы цікавы помнік. Прысвечаны экспедыцыі Канстанціна Тышкевіча па рацэ Вяллі ў 1856 годзе. Вынікі яе ён апублікаваў у сваёй працы «Вялля і яе берагі», дзе сабраныя краязнаўчыя, этнаграфічныя, геаграфічныя звесткі. Знайшоў скарочаную версію ў беларускім перакладзе гэтай працы, каб прачытаць тую частку, што не давала спакою: а на чым граф Тышкевіч сплаўляўся па гэтай самай Вяллі? І знайшоў.
План быў такі: пяць суднаў былі выраблены ва ўласным маёнтку ў Лагойску, прывезены да вёскі Камень, дзе іх дапілавалі і спусцілі на ваду. Галоўнае судна «Марыя», паруснік 16 на 5 аршынаў (каля 11х3,5м). Чатыры дапаможных судна са скарбам, кухняй і іншымі прышпіламі. Усе з завостраным дном.
Я вось сплаўляўся па Вяллі і ведаю, што гэта даволі плыткая рака. І гэта таксама цікавы момант. У тыя часы рака была глыбейшая? Ці як вырашалася пытанне мялізнаў? Пэўныя адказы знайшліся.
Мясцовы шляхціц, пан Снежка, прапанаваў Тышкевічу замяніць ягоныя караблікі на свае лайбы (паруснік з пляскатым дном), бо добра ведаў асаблівасці ракі. Граф часткова пагадзіўся, але вырашыў, што прыгожая «Марыя» застанецца. Такім чынам 5 чэрвеня з вёскі Камень адплыла 3 з меркаваных 5 суднаў. Праз мілю «Марыя» села на дно. Цвёрда і дакладна. Прыйшлося вярнуцца на старт. Пан Снежка выдаў Тышкевічу яшчэ адну лайбу. У выніку экспедыцыя змясцілася на дзвюх Снежкавых суднах і скончылася ў горадзе Коўна (суч. Каўнас). Посьпех!
А ў каментары закіну чытво Тышкевіча.
ПС: мо недзе на дне Вяллі дагэтуль можна знайсці кавалкі "Марыі" ды нейкі скарб, што згубіўся ў вадзе пры разгрузцы?
ППС: дарэчы, экспедыцыя пачалася раней, ля самых вытокаў ракі, але там усё было пешшу ўздоўж берагоў, бо рэчышча яшчэ маленькае, не дазваляла нават сплаўляць лес.
Post #9298
811
sacral_BY Photo
- ❤ 36
- 👍 7
- 👏 2
- 💯 1