Па-за чаргой напішу нататку пра апошняе падарожжа. Нават назва будзе:
«Вяртанне праз 7 гадоў ці лагістычнае пекла»
Ну як пекла? Давайце па парадку.
Сабраўся паглядзець, што там нарабілі ў беларускім «версалі». Першы раз быў у палацы ў 2019-м, калі актыўна праходзілі будоўлі\рэстаўрацыі. Тады мяне зручна завезлі на аўто. Гэтым разам такой магчымасці не было і вандроўка атрымалася нашмат весялейшая:
Раніцай (каля 9 гадзіны) шуруем на маршрутцы Менск-Бабруйск. Там на аўтавакзале шукаем рэйс у бок Рагачова. На маё шчасце, была пятніца, а гэта значыць, што ў 11:30 ёсць бусік на Доўск. Трэба выскачыць у вёсцы Перасека, збочыць з трасы і неяк пераадолець 6-7 км, каб апынуцца ў Жылічах. Вельмі зручна там на павароце сустракалі аднаго з пасажыраў «Жыгулі». А чаму б ня сесці на хвост да іх? Без праблемаў.
Мы на месцы. Гадзінка-другая, агляд скончаны. Трэба вяртацца. Ёсць аўтобус... а 19-й. Вой, не, доўга. Выходзім на вялікую дарогу з працягнутай рукой.
- Вам куды?
- Перасека. Ці мо ў Бабруйск едзеце?
- Не, да Вялікіх Бортнікаў давязу.
Шыкоўна, гэта куды бліжэй да культурнага гораду. Выскокваю на прыпынку, азіраюся. Падыходзіць хлапец, суе паперку. Там расклад мясцовай маршруткі: праз 20 хвілін адчальваем у Бабруйск. Ну а далей самі разумееце...
Карацей, маршрут складаны, быццам, але так удала склалася, што амаль без усіх гэтых чаканняў і пакутаў на шашы з выцягнутай рукой.
Пазней запілую допіс у стылі «было\стала». А пакуль паскарджуся: як гэта так? Такі амбіцыйны і дарагі праект! Такое месца перспектыўнае! І ніякага табе зручнага аўтобуса, каб туды-назад пракаціцца. Тым больш, што ў Жылічах цэлы каледж ёсць. Навучэнцы ж неяк павінны дабірацца.
На сёння ўсё. Працяг будзе.