Беларускія добраахвотнікі, якія абараняюць Украіну, не павінны заставацца без прававога статусу!
Грамадская спілка «Беларуская супольнасць Украіны» атрымала афіцыйны адказ Міністэрства ўнутраных спраў Украіны на нашае зварот ад 28 жніўня 2026 года адносна прававога статусу беларускага добраахвотніка, які не мае пашпарта і праз гэта не можа легалізавацца ва Украіне.
Наш зварот быў разгледжаны па даручэнні Кабінета Міністраў Украіны з удзелам МУС, Міністэрства абароны, Міністэрства па справах ветэранаў, МЗС і Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны.
📌 Што мы даведаліся з адказу?
▪️ МУС і ДМС распрацавалі законапраект, які павінен спрасціць дакументаванне грамадзян Беларусі і Расіі, якія не могуць абмяняць пашпарты праз адсутнасць дзейных дыпламатычных устаноў ва Украіне. Цяпер дакумент праходзіць міжведамаснае ўзгадненне.
▪️ Аднак праблема беларускага добраахвотніка, які страціў пашпарт і раней не падаваў яго для афармлення пасведкі на часовае або пастаяннае пражыванне, пакуль не мае заканадаўчага рашэння. Для такіх выпадкаў неабходна распрацаваць асобны механізм ідэнтыфікацыі асобы.
▪️ У Вярхоўнай Радзе Украіны зарэгістраваны законапраект № 16094, накіраваны на ўдасканаленне прававых падстаў знаходжання ва Украіне замежнікаў, якія праходзяць ваенную службу.
▪️ Таксама створаны міжведамасныя і парламенцкія працоўныя групы, якія займаюцца пытаннямі абароны правоў замежных вайскоўцаў і членаў іх сем’яў.
Для нас гэты адказ — важны крок, але не канчатковае вырашэнне праблемы.
Беларускія добраахвотнікі, якія са зброяй у руках абараняюць незалежнасць Украіны, не павінны сутыкацца з прававой бездапаможнасцю толькі таму, што не маюць магчымасці атрымаць або аднавіць нацыянальны пашпарт.
Мы працягнем дамагацца заканадаўчых зменаў, якія дазволяць ідэнтыфікаваць такіх людзей і забяспечыць ім законны прававы статус ва Украіне.
Бо абарона тых, хто абараняе Украіну, — гэта не толькі пытанне справядлівасці, але і абавязак дзяржавы.
Беларуская супольнасць Украіны працягвае працаваць над вырашэннем гэтай праблемы.
Post #26138
2.4K
Forwarded from ВІЛЬНА БІЛОРУСЬ