1–3 кастрычніка Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Foro La Toja — форуме для палітычных лідараў, бізнесу, дыпламатаў і інтэлектуалаў. Сёлетняя тэма форуму — «Свет у бязладдзі», дзе абмяркоўваюцца крызіс міжнароднага парадку, рост аўтарытарызму, развіццё штучнага інтэлекту і бяспека Еўропы. За высокі ўзровень удзельнікаў і закрыты камерны фармат яго часта называюць «іспанскім Давосам».
Гэта рэдкая пляцоўка, дзе сустракаюцца кіраўнікі дзяржаваў, топ-палітыкі і сусветныя эксперты, сярод якіх сёлета: кароль Іспаніі Феліпе VI, прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс, экс-высокі прадстаўнік ЕС па замежных справах Жазэп Барэль, былыя прэзідэнты і прэм'еры Іспаніі і Партугаліі, прадстаўнікі OpenAI, Palantir, Harvard, Cambridge, Telefónica і Politico.
Беларусі на форуме прысвечаная асобная 45-хвілінная сесія «Беларусь: ціхі супраціў», якая адбудзецца 3 кастрычніка з удзелам Святланы Ціханоўскай і Жазэпа Барэля.
Святлана Ціханоўская:
«Вельмі важна, што Беларусь сёння гучыць на такіх пляцоўках як паўнавартасны суб'ект і частка агульнаеўрапейскай размовы. Мы абмяркоўваем будучыню дэмакратыі нароўні з выклікамі бяспекі, вайны і тэхналогіяў. Голас беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду і еўрапейскую будучыню, будзе пачуты там, дзе прымаюцца рашэнні для ўсяго рэгіёну».
