У трэцюю пятніцу месяца прапануем прыгатаваць капусту. Разам з бульбай гэтая гародніна з даўніх часоў была ў нашых продкаў асновай рацыёну. Казалі: “Сем страў, ды ўсё — капуста”.
Свініна, тушаная з капустай
Спатрэбяцца 500 г свініны, 1 кг капусты, 1 морква, 1 корань пятрушкі, 1 цыбуліна, 1—2 ст. л. таматнай пасты, 1 ст. л. воцату, 2 ч. л. цукру, 1—2 ст. л. мукі, алей або тлушч, соль, лаўровы ліст, перац.
Свініну нарэзаць кавалачкамі, цыбулю — кружкамі, капусту, моркву, пятрушку нашаткаваць, усё, акрамя капусты, абсмажыць. Капусту злёгку перацерці з соллю. Усё скласці ў каструлю, дадаць таматную пасту, воцат, перац, уліць каля шклянкі вады або булёну і тушыць на слабым агні да гатоўнасці. Муку спасераваць і развесці вадой або булёнам. Пакласці ў каструлю цукар, соль, лаўровы ліст, уліць разведзеную муку, патрымаць на агні яшчэ 5 хвілін.
Замест свежай капусты можна выкарыстаць кіслую, тады не трэба класці воцат, а цукру трэба даць болей.
Смачна есці!
#ДзеньРоднагаСвайго
