Кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак адказаў на пытаньне, ці ўяўляе ён памер дапамогі, якая спатрэбіцца палітвязьням, калі спраўдзіцца прагноз былога палітвязьня Сяргея Ціханоўскага пра хуткае вызваленьне ўсіх палітвязьняў, і калі ўсе яны будуць такім жа чынам выкінутыя з краіны.
Калі выкарыстаць простую матэматыку, то 1000 чалавек памножыць на 1000 — гэта мільён эўра. І гэта той рэсурс, які трэба будзе проста знайсьці. Гэта будзе дастаткова вялікім выклікам для нас. Тут у чым сытуацыя? Чым больш яскравае і аднамомантнае вялікае здарэньне, тым больш увагі яно да сябе працягвае…
Я думаю, што калі адбудзецца вось такое разавае вызваленьне, і людзей дэпартуюць прымусова, і яны будуць знаходзіцца на тэрыторыях сумежных краінаў, то тады гэта будзе ня толькі нашая задача, гэта будзе задача яшчэ і сумежных краінаў, як зрабіць так, каб гэтыя людзі захавалі сваю стабільнасьць і маглі неяк адаптавацца да жыцьця. Бо гэтыя людзі больш нікуды не паедуць, іх жа назад у Беларусь не вышлюць, яны застануцца ў гэтых краінах і будуць якімсьці чынам адаптавацца і будаваць сваё новае жыцьцё.