Forwarded from STATKEVICH M
ПЛЁТКІ, ЯК ПАЛІТЫЧНАЯ ЗБРОЯ
У палітычнай барацьбе ў краінах нашага рэгіёна значную ролю адыгрываюць плёткі. Асабліва, у несвабодных краінах. Дыктатарскія рэжымы актыўна фармуюць і распаўсюджваюць плёткі пра апазыцыю з дапамогай дзяржаўных медыя і спецслужбаў.
Найбольш распаўсюджаныя плёткі пра тое, што апазіцыянеры атрымоўваюць і прысвойваюць вялізарныя грошы ад замежных краін. З-за ўласцівай большасці людзей зайздрасці і адсутнасці ў іх уяўленні іншых матываў для небяспечнай і няроўнай барацьбы з рэжымам, акрамя грошай і ўлады, яны часта ўспрымаюць гэтыя плёткі, як праўдзівыя. Асабліва, калі ў пэўнага апазіцыянера сапраўды ёсць нейкая маёмасць (напрыклад, катэдж альбо аўтамабіль), якія можна паказаць па дзяржаўнаму тэлебачаньню. Складаней, калі такой маёмасці няма. Тут застаюцца толькі вусныя плёткі. Але не трэба недаацэньваць іх эфектыўнасць. Тым болей, што ў рэжыма ёсць магутная схаваная сетка для іх распаўсюджвання. Я маю на ўвазе сексотаў ды інфарматараў спецслужбаў (калі карацей - стукачоў). Быць стукачом - маральна няўтульная функцыя. Матывы, па якім робяцца стукачамі, звычайна самыя нізкія. У грамадстве стукачы выклікаюць агіду. Таму яны з радасцю ўспрымаюць інфармацыю ад куратара пра, нібыта, нізкія матывы апазіцыянераў, адразу ёй вераць і ахвотна распаўсюджваюць нават без загаду. Ім так псіхалагічна камфортней - лічыць тых, на каго іх прымусілі "стукаць ", такімі ж мярзотнікамі, якімі людзі лічаць саміх стукачоў. Яшчэ больш ахвотна стукачы разносяць плёткі пра нібыта "стукацтва" іншых, асабліва, вядомых людзей, якімі "даверліва" з імі дзеліцца куратар, каб не толькі запусціць плётку, але і псіхалагічна падтрымаць свайго стукача. Маўляў, не ты адзін такі. Глядзі, хто яшчэ на на нас працуе. Праўда, тут у аб'екта дыскрэдытацыі можа з'явіцца і пэўны бонус. Стукачы настолькі некрытычна і з поўным даверам успрымаюць такую плётку, што могуць пры сустрэчы нават пачаць намякаць яе аб'екту, што яны ведаюць пра яго "супрацоўніцтва" і што яны, так бы мовіць, "калегі" ў справе стукацтва. Чым самі сябе выяўляюць. Але бонус гэты мае і зваротны бок. Бо, як сказана ў Бібліі: " У вялікім веданні вялікі сум". Іншым разам робіцца цяжкім не згубіць веру ў людзей.
Мне даводзілася ледзь не дзесяцігоддзямі быць аб'ектам самых розных плётак. Спачатку я па наіўнасці лічыў, што ні па аднай пазіцыі не магу быць аб'ектам для іх. Але дарэмна - яшчэ ў канцы 90-х з'явіліся плёткі пра "мой катэдж", чамусьці, ў Калодзішчах. Які мне так і не атрымалася пабачыць, бо яго ніколі не паказвалі па БТ, але самыя розныя людзі, ад міліцыянтаў да артыстаў былі цвёрда ўпэўнены ў яго наяўнасці ў мяне. Прайшлі дзесяцігоддзі, за якія я правёў у нетрах пенітэнцыярнай сістэмы рэжыму (на Акрэсьціна, "хіміі", калоніях і турмах) агулам каля 14 гадоў. Да таго ж, з пастаяннымі судовымі іскамі (апошні, які "вісіць" і цяпер, як і ў маіх "падзельнікаў"- 26 мільёнаў рублёў). Але, як хутка высветлілася, уяўны "мой катэдж" ацалеў дагэтуль. Нават з'явіліся нейкія яго дэталі. Як распавяла былая карэспандэнтка вядомага замежнага дэмакратычнага медыя сяброўцы маёй жонкі, я, нібыта, маю "трохузроўневы катэдж". Сяброўка адказала, што бывала ў нас з Марынай дома і што гэта звычайны стары дом у Лошыцы, які, дарэчы, часта наведвалі калегі той журналісткі. Тая ж упэўнена і безапеляцыйна заявіла: "Вы нічога не ведаеце". Не магу не аддаць належнае прафесіяналізму былой журналісткі, бо ў нечым яна мела рацыю - той "катэдж" у Лошыцы быў сапраўды "трохузроўневы", калі палічыць паддашак і склеп. Ну, паддашак усім бачны. Але як яна здагадалася пра той склеп? Вось што значыць прафесіяналка.
Зараз з-за зносу Лошыцы мы пераехалі адтуль. Але, ужо зразумеўшы, што далейшае змаганне з "маім катэджам" бессэнсоўнае, я вырашыў, мабыць, першы раз у жыцці, капітуляваць перад непазбежным.
Таму прызнаюся тут у наяўнасці "катэджа", у які я нядаўна пераехаў замест выдзеленай у сувязі са зносам дома ў Лошыцы гарадской кватэры.