4 кастрычніка 1993 года — чарговы дзень, калі ў Расіі палітычны канфлікт быў вырашаны зброяй
Пасля распаду СССР Расія атрымала даволі дзіўную сістэму ўлады. Дзейнічала моцна перапісаная савецкая Канстытуцыя 1978 года. Найвышэйшым органам улады заставаўся З'езд народных дэпутатаў, а паміж яго сесіямі працаваў Вярхоўны Савет. Адначасова ў 1991 годзе з'явіўся ўсенародна абраны прэзідэнт — Барыс Ельцын.
У выніку існавалі два цэнтры з уласнай дэмакратычнай легітымнасцю: прэзідэнт мог сказаць «мяне абраў народ», і быў бы правы. Але тое самае мог сказаць і парламент. Канстытуцыя давала парламенту надзвычай шырокія паўнамоцтвы.
Урад Ельцына праводзіў радыкальныя рынкавыя рэформы — лібералізацыю коштаў і прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў. Сацыяльныя наступствы былі вельмі балючымі, і ў парламенце хутка сфарміравалася моцная левая апазіцыя курсу ўрада.
Галоўнымі палітычнымі праціўнікамі Ельцына сталі старшыня Вярхоўнага Савета Руслан Хасбулатаў і віцэ-прэзідэнт Аляксандр Руцкой, які раней быў саюзнікам самога Ельцына.
21 верасня 1993 года Ельцын выдаў ўказ №1400. Ён загадваў спыніць дзейнасць З'езда народных дэпутатаў і Вярхоўнага Савета і правесці выбары новага парламента.
Праблема была ў тым, што дзеючая Канстытуцыя не давала прэзідэнту права проста распусціць гэтыя органы. Канстытуцыйны суд прызнаў указ неканстытуцыйным. Парламент у адказ абвясціў, што з-за парушэння Канстытуцыі паўнамоцтвы Ельцына спыніліся, а выконваць абавязкі прэзідэнта павінен віцэ-прэзідэнт Руцкой.
Так Расія фактычна атрымала двух людзей, кожны з якіх называў сябе законным кіраўніком дзяржавы. Ельцын кантраляваў урад і большую частку сілавога апарату. Руцкой і Хасбулатаў знаходзіліся разам з дэпутатамі і іх прыхільнікамі ў Доме Саветаў — сённяшнім Белым доме.
Некалькі дзён супрацьстаянне заставалася адносна лакалізаваным. Белы дом быў акружаны сілавікамі, ішлі спробы перамоваў. Але 3 кастрычніка прыхільнікі парламента прарвалі міліцэйскія кардоны каля Белага дома. Частка дэманстрантаў захапіла будынак мэрыі. Затым узброеныя прыхільнікі парламента рушылі да тэлецэнтра Астанкіна, каб атрымаць доступ да тэлебачання.
Там пачалася перастрэлка. Загінулі не толькі ўдзельнікі канфлікту, але і журналісты ды выпадковыя людзі. На вуліцах Масквы ішоў сапраўдны ўзброены бой.
Ельцын прымае рашэнне выкарыстаць армію супраць парламента. Раніцай 4 кастрычніка каля Белага дома з'явіліся танкі і адкрылі агонь па будынку парламента. Гэта выглядала асабліва сімвалічна з-за падзей усяго двухгадовай даўніны: у жніўні 1991 года Ельцын стаў сусветна вядомым, калі ўзлез на танк каля гэтага ж Белага дома, абараняючы парламент ад путчыстаў ГКЧП. У кастрычніку 1993-га танкі ўжо стралялі па тым самым будынку па загадзе Ельцына.
Пасля абстрэлу спецпадраздзяленні пачалі займаць будынак. Да вечара супраціў быў зламаны. Руцкой і Хасбулатаў здаліся і былі арыштаваныя.
Пазнейшая камісія Дзярждумы называла 158 загінулых і 423 параненых або іншых пацярпелых за падзеі 21 верасня — 5 кастрычніка.
У пазнейшыя гады расійскія лібералы былі схільныя бачыць гэтую сітуацыю як супрацьстаянне "прагрэсіўнага Ельцына" і "чырвоных фашыстаў". Бо ў лагеры Руцкога-Хасбулатава сапраўды знаходзіліся нямала чырвона-карычневых: чарнасоценцы, камуністы, РНЕшнікі і прыхільнікі адраджэння імперскай Расіі. Аднак на інстытуцыянальным узроўні сітуацыя складанейшая. Канфлікт двух галінаў улады, абедзьве з якіх мелі дэмакратычны мандат і былі абраныя народам, вырашыўся не перамовамі і кансэнсусам - як гэта здараецца ў цывілізаваных краінах, а праз кроў і забойствы. Тым самым была працягнутая гісторыка-палітычная традыцыя Расіі, у якой зброя перамагае слова, а сіла перамагае мудрасць. Няздольнасць дамовіцца, ісці на саступкі і давяраць палітычнаму партнёру - тое што стагоддзямі адрознівала і працягвае адрозўніваць аўтарытарныя палітычныя рэжымы ад цывілізаваных. Нажаль, Расія і сёння працягвае ісці па цывілазцыйным шляху Залатой Арды, згодна з якім адзінае сапраўднае права ў дзяржаве - гэта права моцнага.
Post #49012
874

- ❤ 9
- 🤮 6
- 🥱 3
- 🤬 1