Упершыню ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі маліліся асабіста за Аляксандра Лукашэнку
Паводле назірання «Хрысціянскай візіі», упершыню ў Каталіцкім касцёле ў Беларусі падчас святой Імшы прагучала публічная малітва асабіста за Аляксандра Лукашэнку. Гэта адбылося 10 кастрычніка ў парафіі святых Пятра і Паўла ў Шклове – на малой радзіме правіцеля.
У гэты дзень з нагоды абласных «Дажынак» святую Імшу ў Шклове цэлебраваў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі. Як адзначаецца на сайце беларускага епіскапату, іерарх прыняў удзел ва ўрачыстасцях абласнога фестывалю-кірмашу па запрашэнні старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі.
Імша прайшла ў межах «Дажынак», на ёй прысутнічала крыху больш за 10 чалавек. Біскуп Яшэўскі «маліўся за Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, просячы для яго патрэбных ласкаў і Божага благаслаўлення ў служэнні дзеля развіцця краіны, падтрымкі беларускай вёскі і людзей працы», гаворыцца ў публікацыі.
Таксама прагучала малітва «за ўсіх, хто адказвае за развіццё Магілёўскага рэгіёна і беларускай вёскі: кіраўнікоў раёнаў, кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама, Памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектара па Магілёўскай вобласці Надзею Каткавец, старшыню Магілёўскага аблвыканкама Анатолія Ісачанку, а таксама ўсіх, хто служыць дабру Магілёўшчыны».
Адзначаецца, што «падчас Эўхарыстыі вернікі маліліся за будучыню Магілёўшчыны, мір, дабрабыт і развіццё сельскай гаспадаркі, прасілі, каб беларуская зямля заставалася плённай, а ў вёсках захоўваліся жыццё, працавітасць і вернасць добрым традыцыям».
У Каталіцкім касцёле прынята маліцца агулам за ўладу на святых Імшах падчас малітвы вернікаў. Аднак упершыню такая малітва прагучала асабіста за Лукашэнку і іншых чыноўнікаў.
Post #5366
331

- 😢 8
- 😱 6
- 🤬 5
- 🙊 5
- ❤ 3
- 🙏 2
- 👍 1