TGViewer
Беларуская музыка Беларуская музыка @charnuxa · 2.59K subscribers
Post #553 706
Анастасія Рыдлеўская сёння выдала свой чацвёрты паўнафарматны альбом Alchemia — артыстка працягвае эксперыментаваць, мяняецца літаральна на вачах і зноў раскрывае новыя рысы сябе і сваёй творчасці.

За дыскаграфіяй Рыдлеўскай цікава назіраць у дынаміцы. Безадносна паспяховасці яе творчыя эксперыменты заўсёды выклікаюць, як мінімум, павагу — па іх можна вывучаць гісторыю электроннай музыкі, корпацца ў крыніцах натхнення: ад Рэджыны Спектар да Карын Дрэер Андэрсан, ад Б’ёрк да Райха, ад мінімалістычных хатніх песень пад піяніна да маштабных містыфікацый і вядзьмарства.

Alchemia зноў жа моцна адрозніваецца ад папярэдніх рэлізаў Рыдлеўскай, і ў ім артыстка раскрываецца з новага боку — высвятляецца, што яна можа быць злой, нават жорсткай. Гэтая злосць на мяжы з лютасцю, адчай на мяжы з маніякальнасцю імплементаваныя ў розныя гатункі электроннай музыкі: Kris з уплывам мінімалізму, Pusteča з цёмным брыстальскім гучаннем, рытуальная Your Woman, інтэнсіўная Lilith.

Рыдлеўская працавала над Alchemia самастойна: сама сачыняла, сама запісвала, сама рабіла звядзенне і майстарынг. То бок альбом — гэта на сто адсоткаў яе светаадчуванне і эмоцыя.

Канцэптуальна запіс будуецца вакол класічных этапаў алхіміі, але прысвечаны ён у першую чаргу, па адчуваннях, вельмі асабістай гісторыі. У песнях настрой Рыдлеўскай мяняецца ад раздушанасці да лютасці, яе голас то самотны, то грыміць сотнямі персаналій — яна енчыць, крычыць, шэпча, гагоча, спявае, нарэшце. У гэтым дыяпазоне эмоцыі час ад часу губляецца менавіта музычная думка, песня зрываецца ў споведзь, споведзь зрываецца ў інтымны і персанальны мэсэдж — і ў такія моманты слухачу, напэўна, будзе бракаваць кантэксту, каб глыбей зразумець трэк на эмацыйным узроўні.

Alchemia — цікавы працяг дыскаграфіі Рыдлеўскай і на сто адсоткаў самы эмацыйны і цёмны яе рэліз. Скрыгатанне зубамі, ведзьміны скокі, чорная атрутная злосць і помста, у якую канчаткова правальваецца артыстка. Што будзе далей?

https://band.link/aralchemia
band.link Anastasia Rydlevskaya - ALCHEMIA | BandLink Listen, download or stream ALCHEMIA now!
  • ❤ 41
  • 🔥 8
  • 🤔 2
  • 🥴 2
  • 😱 1
More from @charnuxa
  1. Sep 24, 2026🔥🔥🔥 Беларускі метал-гурт Dymna Lotva выступіць у эфіры шоў Сепультура Alive! Рыхтуйцеся…
  2. Sep 20, 2026Памятаеце, як мяняўся гурт Ляпис Трубецкой? Папса пачатку нулявых, тур у падтрымку Лужкова…
  3. Sep 18, 2026🔥🔥🔥Гэта было ЛЕГЕНДАРНА! Праўда, шалёны канцэрт, які вы проста абавязаныя ўбачыць, калі…
  4. Sep 17, 2026Беларуская музыка pinned a photo
  5. Sep 17, 2026Сябры, ужо сёння для вас выступіць герой мінскага андэграўнда Сяргей Пукст. Не прапусціце…
  6. Sep 13, 2026Усе мы любім гурт Ляпис Трубецкой, але ці ведаеце вы яго сапраўдную гісторыю? З чаго ўсё п…
Threads Profile ViewerView any public Threads profile without an account.Open ThreadLook →Writing with AI? Make it sound human.Metric37 rewrites AI drafts so they read naturally. Free AI detector, 1,500 words free.Try Metric37 →